Традыцыйнае свята «Бяльмонцкі фэст» адбылося ў Ахрэмаўцах

Отдых

Гулянні прайшлі ў цэнтры населенага пункта – парку «Бяльмонт». Кожны год работнікі мясцовага ЦНК рыхтуюць цікавую і насычаную праграму. Сёлета свята таксама адбылося згодна з усімі традыцыямі і з запрашэннем гасцей. Нават дождж не перашкодзіў добраму настрою ахрэмаўчан.

Перад жыхарамі аграгарадка выступіла старшыня Ахрэмавецкага сельсавета Дзіяна Тарун. Яна падзякавала ўсім землякам за добрасуседскія адносіны, падтрымку ў ініцыятывах, падзялілася планамі на бягучы год і ўзнагародзіла актывістаў. Цудоўным падарункам ад арганізатараў свята сталі выступленні аркестра Полацкага пагранатрада, народнага ансамбля беларускай песні «Сябрына», калектыву Друеўскага СДК, салістаў з Браслава і выканаўцаў сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання.

Не прыходзілася сумаваць і па-за сцэнічнай пляцоўкай. Свае інтэрактыўныя выстаўкі праводзілі майстры народных рамёстваў, работнікі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры», Ахрэмаўскай бібліятэкі, пагранічнікі, РАНС.

Словам, і на гэты раз свята стала сапраўднай падзеяй для аграгарадка! ■

Алена НАБЕЕВА.