Красамоўныя лічбы
Нядаўна ў магазіне «Спартыўныя тавары» набылі матацыклы жыхар Браслава Іван Жураўскі і спецыялісты калгаса імя Чапаева Гертруда Пяткевіч і Вячаслаў Мышко. Усяго ж з 1970 года і па цяперашні час насельніцтву прададзена 892 матацыклы і матаролеры, а таксама 309 легкавых аўтамашын. У бягучай пяцігодцы ў магазінах раёна яго жыхары набылі і 3 700 тэлевізараў.
Дзякуй роднай партыі
У час перазменкі работніц швейнага цэха райпрамкамбіната адбыўся мітынг, прысвечаны паспяховаму завяршэнню Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Швачкі горача адобрылі палітыку Камуністычнай партыі і ўрада на міжнароднай арэне і паабяцалі прыкласці ўсе намаганні, каб паспяхова выканаць сацыялістычныя абавязацельствы, узятыя на завяршальны год пяцігодкі.
На сцэне – ансамбль «Верасы»
Здаецца, ужо ўсе месцы занятыя, а людзі ішлі і ішлі. Некаторыя ўладкоўваліся на прыстаўных крэслах, іншыя стаялі. Кожнаму хацелася трапіць на канцэрт, тым больш што на гэты раз на сцэне раённага Дома культуры ўсім вядомы вакальна-інструментальны ансамбль «Верасы» пад кіраўніцтвам Васіля Раінчыка – лаўрэат першага Рэспубліканскага і пятага Усесаюзнага фестываляў артыстаў эстрады.
«Даруйце, крыху выпіў…»
Аўтамабіль, матацыкл, матаролер трывала ўваходзяць у быт савецкіх людзей, узрастае і інтэнсіўнасць руху на дарогах. На жаль, нямала кіроўцаў лічаць, што за рулём усё дазволена. Так, у час масавага рэйду, арганізаванага работнікамі ДАІ і рэдакцыі газеты, за парушэнне правілаў дарожнага руху затрыманы 21 вадзіцель, з іх 15 кіравалі транспартам у нецвярозым стане. Здзіўляе, што сярод выпівох – паважаныя людзі, са званнем членаў КПСС.
Новая пасека
Калгас «Уперад» спецыялізуецца на вырошчванні насення шматгадовых траў, якімі ў гаспадарцы занята 300 гектараў. З мэтай павышэння іх ураджайнасці тут стварылі новую пасеку. Закупілі і прывезлі 100 пакетаў пчол, набылі 16-рамачныя вуллі сістэмы Дадана, 60 кілаграмаў вашчыны. На гэта гаспадарка выдаткавала 10 тыс. руб. Калгас «Радзіма» таксама сёлета набывае 50 пчолапакетаў, імя Кірава – 20.
Аб’яўляецца прыём
Праўленне райспажыўсаюза аб’яўляе прыём навучэнцаў у магазін-школу на 1975 – 76 навучальны год. Прымаюцца асобы ва ўзросце 18 год і старэй, якія маюць адукацыю не менш за 8 класаў. Тэрмін навучання – 6 месяцаў, пачатак заняткаў – 1 верасня 1975 года. Навучэнцы забяспечваюцца стыпендыяй у памеры 50 рублёў у месяц. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.