Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня падпісаў Указ нумар 301 «Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі».
Дакумент падпісаны ў мэтах развіцця інфраструктуры сетак электрасувязі, укаранення новых тэхналогій, павышэння якасці і даступнасці аказваемых паслуг.
Указ прадугледжвае стварэнне ўмоў для спрашчэння будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў сотавай рухомай электрасувязі, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, неабходнай для забеспячэння іх функцыянавання. Акрамя таго, вызначаюцца асаблівасці прыёмкі такіх аб’ектаў у эксплуатацыю.
Прэзідэнт Беларусі 12 жніўня падпісаў Указ нумар 302 «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве».
Дакументам прадугледжваецца прызваць у верасні – лістападзе 2025 года на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім на дзень прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.
Прыняцце ўказа дазволіць рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам своечасова правесці мерапрыемствы па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.
Адначасова ўказам прадугледжваецца звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.