Беларусь кожны дзень, кожны месяц рыхтуецца да вайны, каб пазбегнуць яе. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю амерыканскаму часопісу Time.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што істотны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці Беларусі ўносяць расійскія партнёры. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што Расія разумее стратэгічнае значэнне Беларусі для забеспячэння ўласнай нацыянальнай бяспекі, таму і аказвае ёй сваю падтрымку ў гэтым пытанні.
«Абсалютна шчыра скажу. Калі мы дапамагалі Расіі нямала (што гаварыць – боепрыпасамі і іншае), я сказаў свайму старэйшаму брату, сябру свайму: «Ведаеш, я ўсё гэта разумею, сітуацыя такая – і палякі там шалеюць, і іншыя. Мне патрэбны моцныя аргументы». – «Якія?» Я гавару: «Трэба вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь». Яна вернута. Вы лічыце, што супраць ядзернай краіны нехта пачне вайну? Вы ведаеце, як бы ні гарачыліся вы супраць Паўночнай Карэі, вы супраць яе вайну не пачынаеце», – заўважыў Прэзідэнт.
Адказваючы на ўдакладняючае пытанне журналіста пра ядзерную дактрыну Беларусі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ім падпісаны адпаведны ўказ, які рэгламентуе абыходжанне з ядзернай зброяй. «Ён знаходзіцца ў сейфах у тых, у каго ён павінен знаходзіцца. Мы выразна разумеем і ўяўляем, што гэта такое, як гэта рабіць. Мэты вызначаны», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
«У Расіі дастаткова сіл, каб нас узмацніць. Мы ж рыхтуемся да вайны. Я гэта адкрыта гаварыў: мы кожны дзень, кожны месяц рыхтуемся да вайны, каб пазбегнуць яе, – заявіў беларускі лідар. – Мы ведаем, што рабіць. Мы атрымалі ўрокі з усіх апошніх войнаў. Наша канцэпцыя заснавана на тым, што мы гатовы нанесці непрымальны ўрон Польшчы,Літве, Латвіі там, Эстоніі – хто супраць нас будзе ваяваць. Непрымальны ўрон. Я адзін з элементаў вам толькі што апісаў. Таму яны разумеюць, што ў гэтым выпадку мы, можа, і не пераможам у гэтай вайне, але морду наб’ём добра. І Расія ў тым аб’ёме, які нам сёння патрэбны, дапамагае і дапаможа як саюзнік».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што да канца года ў Беларусі з’явіцца ракетны комплекс «Арэшнік», які можа несці і ядзерны боезарад. Першыя пазіцыі, дзе ён будзе размешчаны, ужо вызначаны. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.