Удасканаленне дзейнасці КДБ абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня сабраў нараду па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі. Сярод галоўных тэм – магчымае ўдасканаленне работы гэтай структуры.

У пачатку кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне мерапрыемства звязана не толькі з той сітуацыяй, якая складваецца ўнутры краіны. «Але больш за ўсё – з ваенна-палітычнай абстаноўкай вакол Беларусі. Насцярожвае, што вельмі жудасна, агрэсіўна ў адносінах да Беларусі настроены нашы суседзі – Польшча і краіны Балтыі, – сказаў Прэзідэнт. – Націск ажыццяўляецца па ўсіх напрамках. Больш за ўсё гэты націск адчуваюць нашы спецыяльныя службы. Таму мы (у краіне. – Заўвага БелТА), я перш за ўсё, удзяляем самую пільную ўвагу рабоце КДБ і наогул сілавога блока».

Што датычыцца асноўнай тэматыкі нарады, то, як вядома, некаторы час таму старшыня КДБ прапанаваў удасканаленне дзейнасці КДБ. Таксама з улікам напрацаваных за апошні час вопыту і практыкі.

Паводле слоў Прэзідэнта, КДБ, як і іншыя дзяржструктуры, часам «мае нейкую ведамаснасць». Таму, нягледзячы на давер з боку кіраўніка дзяржавы і да Івана Тэртэля, і ў цэлым Камітэта дзяржбяспекі, было прынята рашэнне прапанаваныя старшынёй КДБ ініцыятывы рэвізаваць. Прадметна іх вывучыць, прааналізаваць і далажыць Прэзідэнту было даручана дзяржсакратару і сакратарыяту Савета бяспекі.

З асноўным дакладам па заяўленай тэматыцы выступіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Сярод удзельнікаў мерапрыемства – старшыня КДБ Іван Тэртэль, генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Валерый Вакульчык.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў узмацніць работу па лініі кібербяспекі. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў краіне ёсць адпаведныя спецыялісты, якія могуць на самым высокім узроўні забяспечыць абарону кіберпрасторы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.