Калі вы задумваецеся, як правесці вольны час, то «Браслаўская звязда» рэкамендуе схадзіць у музей традыцыйнай культуры. Цяпер тут працуюць дзве выстаўкі: «Лялька маёй бабулі» і «Іншая Японія».
Першая экспазіцыя прысвечана бесклапотнаму дзяцінству. Некалькі крокаў – і ты вяртаешся ў часы, калі асноўнай праблемай было выбраць цацку, з якой хочацца гуляць. Экспазіцыя атрымалася светлай і добрай. На ёй сабраны лялькі і гульні часоў СССР. На экспанатах пазначана фабрыка і час стварэння. Асабліва шмат лялек у нацыянальных уборах, касцюмах розных прафесій і інш. Дапаўняюць выстаўленую калекцыю кнігі і паштоўкі.
У другой жа зале МТК трапляеш у загадкавы свет Японіі. Тут прадстаўлены дзясяткі прадметаў: традыцыйныя японскія лялькі, кнігі, фотаздымкі храмаў і палацаў, наборы прадметаў для чайнай цырымоніі, муляжы страў нацыянальнай кухні, паветраныя змеі, маскі, вееры, роставыя фігуры самураяў і інш. Таксама можна сфатаграфавацца ў сапраўдным кімано!
Выстаўка «Лялька маёй бабулі» працуе ўвесь жнівень, а «трапіць» у Японію можна да канца верасня. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.