Традыцыйнае жнівеньскае свята прайшло ў Слабодцы

Отдых
«Слабодка запрашае сяброў». Так называлася традыцыйнае жнівеньскае свята, якое ў мінулую суботу адбылося на базе мясцовай сярэдняй школы пры падтрымцы ГА «Беларускі зялёны крыж» і Беларускай асацыяцыі па міні-гольфе.

Чацвёрты год запар сюды прыязджаюць таварышы і аднадумцы, аб’яднаныя цікавасцю да спорту, творчасці і адукацыйных праектаў. Сярод іх педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, выхаванцы летняга лагера «Браслаўская хваля», а таксама аматары цікавага і карыснага баўлення часу ў прыемнай сяброўскай кампаніі.

Як і заўсёды, праграму мерапрыемства арганізатары разам з партнёрамі падрыхтавалі насычаную. Найбольшую колькасць удзельнікаў чакана сабраў спартыўны турнір. Яго адкрыў Уладзімір Кіндзель, член праўлення Беларускай асацыяцыі гольфа, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра па навучанні гульні ў міні-гольф. Ён заахвоціў спартсменаў, гарантаваўшы, што ўсе вернуцца дадому з прызамі – ці каштоўнымі за перамогу, ці салодкімі за ўдзел (іх забяспечыла спонсарская падтрымка ад вядомых беларускіх прадпрыемстваў «Камунарка» і «Слодыч»). На дзевяці дарожках сярод пяці дзясяткаў аматараў міні-гольфа аж у дзве змены разгарнуліся спаборніцтвы ў асабістым і камандным заліках. Педагогі таксама не адставалі ад сваіх вучняў, спрабуючы свае сілы ў практыкаваннях з клюшкамі і мячамі.

Тым часам у рамках мерапрыемства працавалі разнастайныя пляцоўкі. Напрыклад, майстар-клас па маляванцы «Гаўрылаўскія ўзоры» ад Юліі Шакель карыстаўся такой папулярнасцю, што ахвотнікам далучыцца да стварэння гэтага незвычайнага жанру народнай творчасці нават даводзілася чакаць у чарзе. Цікавай атрымалася і прэзентацыя своеасаблівага даведніка па Слабодцы – адмысловага набору паштовак для размалёўкі, якую правяла член Беларускага саюза мастакоў, каардынатар праекта «Вясковымі шляхамі Беларусі» ГА «Беларускі зялёны крыж» Ганна Выгонная. Яе калега па грамадскай арганізацыі Наталля Святкіна ў ходзе круглага стала «Інвазіўныя віды ў прыродзе» звярнула ўвагу прысутных на актуальнасць супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і вучоных дзеля вырашэння праблемы з’яўлення ў экасістэме чужародных «захопнікаў».

На працягу мерапрыемства дзеці і дарослыя рабілі арыгінальныя здымкі ў фотазоне (асабліва стараліся дзяўчаты з аквагрымам), частаваліся стравамі палявой кухні мабільнай пагранічнай заставы. Таксама гасцям прапаноўвалі хатнюю выпечку, мёд і свежыя ягады. І, напэўна, ці не важнейшым момантам свята сталі шчырыя зносіны між яго ўдзельнікамі.


«Яшчэ з першых хвілін мерапрыемства было ясна, што будзе цікава, – кажа дзесяцікласніца Слабодкаўскай СШ Аня Чаравуха. – Сабралася шмат жадаючых паспрабаваць сябе ў міні-гольфе. Да таго ж госці шмат чаго даведаліся пра Слабодку і нашу ўстанову адукацыі. Асабіста для мяне гэты дзень прайшоў весела і з карысцю: я стварала маляванкі, каштавала хатнюю выпечку і проста добра праводзіла час на тэрыторыі маёй школы».


Падчас падвядзення вынікаў упартай барацьбы на дарожках для міні-гольфа Уладзімір Кіндзель падзякаваў усім за плённую сустрэчу і выказаў упэўненасць, што наперадзе яшчэ шмат сумесных турніраў, на якіх вызначацца новыя пераможцы. Сёлета ж поспеху ў камандных спаборніцтвах дасягнула зборная Опсаўскай сярэдняй школы, у асабістым заліку лепшымі сталі Даніла Лапыр са Слабодкаўскай СШ і Анастасія Чанчына з Опсаўскай СШ.

«Прыемна праводзіць час у такой сяброўскай кампаніі, бачыць вакол вясёлыя, жыццярадасныя твары, – адзначыла Наталля Святкіна, прадстаўнік грамадскай арганізацыі – партнёра арганізатараў свята. – Мерапрыемства стала сапраўдным упрыгажэннем аграгарадка і ўсяго Браслаўскага раёна». ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.