З прыемнай нагоды сабраліся ў нядзелю на пляцоўцы МНС жыхары і госці Опсы: тут праходзіла мерапрыемства «Месца, дзе хочацца жыць», прысвечанае 525-годдзю аграгарадка.
Для ўсіх прысутных дзень населенага пункта стаў сапраўдным святам, падчас якога вядучыя і гледачы ўзгадалі мінулае Опсы, акрэслілі яе сучасныя моманты, затым, спыніўшыся на самых розных баках жыцця аграгарадка, асноўную ўвагу ўдзялілі галоўнаму яго багаццю і гонару – людзям, дружным, ветлівым, гасцінным, творчым і надзвычай працавітым. Менавіта ім адрасавала шчырыя словы віншавання і найлепшыя пажаданні кіраўнік спраў Опсаўскага сельвыканкама Людміла Лях.
Кожнае пакаленне пакінула свой след у летапісе населенага пункта. Напрыклад, Пётр Друсь і Яўгеній Мозалеў, выканаўшы дуэтам песню, нагадалі ўдзельнікам мерапрыемства пра даўнія традыцыі мастацкай самадзейнасці ў Опсе, сябра народнай студыі паэтычнай творчасці «Ветразь надзеі» Тэрэза Крумплеўская прысвяціла роднаму кутку вершаваныя радкі, лаўрэаты ж ганаровых званняў «Чалавек года Віцебшчыны» Марыя Чанчына і «Урач года» Алена Мацеша прадстаўляюць новую гісторыю малой радзімы. І іх справу прадоўжыць моладзь, якой было шмат сярод актыўных удзельнікаў мерапрыемства.
Госці свята наведвалі разнастайныя тэматычныя пляцоўкі: яны мелі магчымасць пачаставацца салдацкай кашай з палявой кухні мясцовай пагранкамендатуры, узнавіць свае веды па пажарнай бяспецы, разгледзець зблізу спецмашыну і палюбавацца воднай феерыяй – прадметам захаплення дзяцей або далучыцца да забаўляльнай праграмы Далёкаўскага клуба-бібліятэкі «Вясёлыя і добрыя суседзі». СВК «Маяк Браслаўскі» падрыхтаваў дэгустацыйны стол, як і опсаўскія гаспадыні, што запрашалі прысутных у незвычайнае кулінарнае падарожжа па аграгарадку. Працавалі атракцыёны, дарослых і дзяцей прываблівалі выстаўкі, майстар-класы народных майстроў, фотазона. Адпаведны настрой на працягу ўрачыстасці падтрымлівалі салісты Пагашчанскага СДК, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Опсаўскага ДЛЦ і народны ансамбль беларускай песні «Сябрына» Ахрэмаўскага ЦНК, які зладзіў канцэрт «Добрыя песні – добрым людзям». ■
Дарэчы, акрамя мясцовых жыхароў, на мерапрыемства, прысвечанае 525-годдзю Опсы, завіталі і прыезджыя госці, што адпачываюць на Браслаўшчыне. Яны былі прыемна ўражаныя маштабам свята і яго годнай арганізацыяй.
Жанна БЯЛЬКО.