Паставіць на калені Беларусь і Расію нікому не ўдасца, краіны поўныя рашучасці адстаяць свае інтарэсы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў у час сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Валааме.
Кіраўнікоў дзяржаў спыталі пра санкцыйны націск Захаду і меры ў сувязі з гэтым, ці будзе неяк мяняцца бягучая антысанкцыйная стратэгія.
«Мы ўжо ўсё памянялі, што нам трэба было. Калі перад намі закрыў нехта дзверы – у свеце вельмі шмат адкрытых дзвярэй. І Расія, і Беларусь сёння зрабілі вельмі сур’ёзны разварот. Думаю, час міне, і свет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Гэта было проста немагчыма ўявіць у пачатку 2020-х гадоў. Тым не менш зрабілі. Жывём і будзем жыць. У нашым свеце нікому не ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасці адстаяць свае інтарэсы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія – гэта скарбніца карысных выкапняў і тэхналогій. Але патрэбны час, каб канчаткова ўсім, хто сумняваецца, даказаць, што краіны разам здольны на многае.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на сваёй нядаўняй сустрэчы з беларускімі дыпламатамі сказаў, што санкцый няма» і няма чаго пра іх гаварыць.
«Санкцыі – гэта магчымасці. Думаю, і ў Расіі гэтак жа, яшчэ больш востра разумеючы гэта пытанне, дзейнічаюць. Мы побач заўсёды былі і будзем. Не перажывайце за гэтыя санкцыі», – сказаў Прэзідэнт. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.