Практыка выязных пасяджэнняў прэзідыума райсавета (а на гэты раз яшчэ і сумеснае з райвыканкамам) даўно зарэкамендавала сябе дзейснай і эфектыўнай формай справаздачнасці кіраўніка пэўнай тэрыторыі. На гэты раз мерапрыемства адбылося на базе Слабодкаўскага сельсавета. Як падкрэсліла старшыня дэпутацкага корпусу Ніна Пучынская, «гэта свайго роду экзамен як для старшыні сельскага Савета, так і для ўсіх кіраўнікоў арганізацый і служб, што тут працуюць, мясцовых жыхароў, што тут жывуць». Забягаючы наперад, адзначым: Слабодкаўскі сельсавет экзамен вытрымаў на выдатна і яшчэ раз пацвердзіў званне пераможцы штогадовага спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання па выніках 2024 года.
І ў гэтым удзельнікі мерапрыемства змаглі ўпэўніцца ўжо на першай лакацыі – у магазіне «Ля ракі» ў Рубяжы. Цяпер яго ўладальнікі – гэта сямейная пара з Латвіі, якая пераехала на Браслаўшчыну жыць і працаваць. Гандлёвая кропка функцыянуе пад іх кіраўніцтвам параўнальна нядаўна, але і за кароткі час змагла заваяваць любоў і павагу пакупнікоў. І зразумела чаму, бо тут ёсць усе неабходныя тавары: садавіна, агародніна, мясныя паўфабрыкаты, такі запатрабаваны летам шашлык, заўсёды свежыя хлебабулачныя вырабы, рэчы першай неабходнасці… Прыемна і разам з тым пахвальна тое, што на паліцах знаходзяцца тавары браслаўскай вытворчасці. Вось сыр «Любіч» мясцовага цэха ды кансервы на любы густ філіяла «Браслаўрыба», а тут – нашы кукурузныя палачкі «Сонечны зайчык», печыва, вада і напіткі.
У магазіне «Ля ракі» браслаўскія кансервы карыстаюцца трывалым попытам пакупнікоў.
І як адзначаў намеснік дырэктара магазіна Анатоль Саковіч, на мясцовую прадукцыю заўсёды вялікі попыт. Маюцца і брэндавыя беларускія тавары, а таксама з нацыянальнай сімволікай. Дарэчы, падчас наведвання магазіна ў яго памяшканні гучалі песні пра Беларусь. І няхай сабе такое музычнае суправаджэнне не кожны дзень, але ж бачна, што людзі, якія пераехалі з іншай краіны, рыхтаваліся, больш за тое, яны прымаюць наш быт, культуру, словам, гатовы жыць тут і далей развіваць свой бізнес на Браслаўшчыне, а каб зрабіць магазін яшчэ больш прывабным і прыбытковым, папрасілі мясцовую ўладу пасадзейнічаць «вызваліць» аб’ект ад дарожнага пылу і, магчыма, заасфальтаваць пляцоўку перад магазінам, дзе ў перспектыве плануецца тэраса з летнім кафэ. Ідэя адназначна заслугоўвае ўвагі.
Выпраўляемся далей па маршруце. Пакуль едзем, я лаўлю сябе на думцы: як жа ў нас прыгожа, паўсюль парадак! І гэта набывае асаблівае значэнне ў Год добраўпарадкавання.
На нашым шляху – памятны знак героям-падпольшчыкам, які сёлета адкрылі акурат на ўездзе ў Слабодку, ён ужо стаў месцам прыцягнення ўдзячных нашчадкаў. Знаходзячыся на ажыўленай дарозе, знак, безумоўна, звяртае на сябе ўвагу і прымушае спыніцца і ўзгадаць, каму мы абавязаны за мірнае неба над нашымі галовамі. Удзельнікі мерапрыемства таксама ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да падножжа знака.
Удзячная моладзь каля памятнага знака героям-падпольшчыкам.
Праязджаем грамадскае месца адпачынку ля сажалкі ў Слабодцы. Выйсці сюды перашкодзіў моцны лівень, але і праездам бачна, колькі сіл, намаганняў і любові сюды ўкладзена. Акуратны чысты вадаём, прывабны арт-аб’ект у выглядзе сэрца, лавачкі – садзіся і на хвіліну-другую адпачні ад жыццёвай мітусні. Такая лакацыя яшчэ больш упрыгожыла і без таго, бадай, самыя маляўнічыя краявіды Браслаўшчыны, а мабыць, і Беларусі.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка:
«Перакананы, якасць жыцця нашых грамадзян залежыць ад эфектыўнасці прымаемых намі рашэнняў. Каб стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для людзей, важна максімальна аператыўна ўстараняць іх праблемы, якія ўзнікаюць штодзень і нават кожную гадзіну. І асноўны крытэрый нашай працы – менавіта ацэнка браслаўчан. Акцэнт тут у тым ліку ідзе і на працу са зваротамі грамадзян. Прыемна, што ў нашым раёне яна наладжана і дае свой плён, людзі гэта бачаць. Паўтаруся, праблемы былі, ёсць і будуць. Ва ўсіх. Важна тое, наколькі эфектыўна мы іх вырашаем. Не больш і не менш».
Адчуць жа ўсю гасціннасць і добразычлівасць слабадчан можна было на наступным прыпынку – сядзібе «Станіслаў двор». Гаспадыня Таццяна Кекер пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства са сваёй дзейнасцю. Гэта, дарэчы, не толькі рассяленне гасцей у доме, які раней быў дзіцячым садам, але і прыгатаванне страў на любы густ. Працуе Таццяна і на заказ: падрыхтаваць фуршэт для яе не праблема, прапануе нават прыгатаваную па асабістых рэцэптах дзічыну і замарожаную прадукцыю (сырнікі, блінчыкі).
Таццяна Кекер гасцінна запрашае на сваю сядзібу.
Акрамя таго, мясцовыя жыхары могуць праводзіць у доме вяселлі, юбілеі і іншыя мерапрыемствы. Такая паслуга вельмі запатрабавана ў аграгарадку. Усё робіць Таццяна сама, прызналася, што вельмі любіць гатаваць і здзіўляць прысмакамі сваіх гасцей. І гэта ў гаспадыні атрымліваецца.
Прыемнае месца для адпачынку на возеры Поцех.
Заслугоўвае ўвагі ў плане добраўпарадкавання і грамадскае месца адпачынку ля вады на возеры Поцех. У поле зроку «Браслаўскай звязды» яно трапляла ўжо не раз. Гэта якраз той прыклад, дзе можна дэманстраваць фота з надпісамі «было» – «стала»: кінутае месца ператварылася ў сапраўдную зону адпачынку для мясцовых жыхароў і турыстаў. Лавачкі, навесы, раздзявальні, роўны бераг – усё для камфорту адпачываючых. У планах сельсавета зрабіць тут паўнацэнны пляж з выратавальным пастом. Менавіта ў такім жывапісным кутку ўдзельнікаў выязнога пасяджэння пазнаёмілі з культурным жыццём слабодкаўскага краю, які багаты рамеснікамі, майстравітымі і таленавітымі людзьмі. Немагчыма было не зазірнуць і ў знакаміты на ўсю Беларусь касцёл Сэрца Ісуса.
Апошняй кропкай маршруту стала Слабодкаўская сярэдняя школа. Сёння яна застаецца адзіным адукацыйным цэнтрам у гэтай мясцовасці і славіцца не толькі здольнымі вучнямі, а і сваімі брэндавымі мерапрыемствамі, наяўнасцю садоў і агародаў, што дапамагаюць забяспечваць установу ўласнай садавіной і гароднінай.
Вынік своеасаблівага маршкідка па сельсавеце быў падведзены непасрэдна на пасяджэнні. Дарэчы, мерапрыемству папярэднічала вялікая работа мабільных груп, якія выяўлялі магчымыя недахопы ў рабоце сельсавета. Аднак, нягледзячы на невялікія заўвагі, адзінагалосна было прызнана, што дзейнасць Слабодкаўскага сельсавета эфектыўная.
«Эфектыўнасць гэтай работы залежыць ад умення старшыні сельсавета падтрымліваць ініцыятыву грамадзян,працаваць з самымі рознымі службамі. Мы бачым гэту станоўчую работу, якая тут ёсць.Вельмі ж важна, каб яна працягвалася і далей, каб ніхто не здаваў сваіх пазіцый і ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, і ў пытаннях добраўпарадкавання населеных пунктаў», – рэзюмавала старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. ■
Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.