Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга закрануў аспекты справядлівасці ў гандлі

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер запатрабаваць з урада за «свавольствы» ў пытанні справядлівага цэнаўтварэння. Пра гэта беларускі лідар заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам СанктПецярбурга Аляксандрам Бягловым.

«Мы не адмаўляемся ад работы на дзяржаўным узроўні. Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым спрабуеце цэны адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі ў мінулым годзе, што мы рэгулюем цэны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўстанавіць правілы. Як я галоўнаму нашаму цанавіку гавару, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць».

«Але адчуваю, што са змяненнем урада пасля выбараў там пачаліся свавольствы. Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта і ўсё мне на стол. Таму рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага боку на сустрэчы.

Прэзідэнт у размове з губернатарам Санкт-Пецярбурга закрануў розныя аспекты справядлівасці ў гандлі. І гэта не толькі цэны, але і зарплаты работнікаў.

З іншага боку, на цэнаўтварэнне ўплываюць пытанні рэнтабельнасці і сабекошт вытворчасці на прадпрыемствах, над чым таксама можна працаваць. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане лічыць магчымым устанавіць пэўную планку для вытворцаў, прывёўшы ў прыклад работу малакаперапрацоўчага прадпрыемства, працу якога абмяркоўваў у час даклада аднаго з кіраўнікоў абласцей.

«Нядаўна ў суботу мне адзін з губернатараў далажыў, што ён працуе з адной прыватнай кампаніяй, – сказаў Прэзідэнт. – Кажа, сяляне задаволены, аплата своечасовая, цэны нармальныя, перапрацоўшчык не церпіць страты і іншае, іншае. Ён у галіне малочных прадуктаў (працуе. – Заўвага БелТА). Чаму мы не можам узяць гэту сістэму? Усе задаволены. І я тым больш буду задаволены, і народ будзе задаволены. Цэны не задзіраюць».

«Не, у нас цялёпкаюцца. Ну я разбяруся, чаму цялёпкаюцца, чаму не могуць узяць тыпавую гаспадарку, дзе, як я сказаў, па ланцужку ўсе задаволены, і ўстанавіць гэты парог: працуйце, як яны. Вось і ўся рэгуліроўка. Нехта недацягвае да гэтай рэнтабельнасці – гэта вашы праблемы, гэта працуйце з сабекоштам. Гэта не толькі цана, па якой мы прадаём, гэта не толькі прыбытку сабе ў кішэню нагрэбці», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. ■

Паводле матэрыялаў БелТА