У Слабодцы правялі свята, прысвечанае пірагам

Отдых
Работнікі Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра ўпершыню правялі для мясцовых жыхароў незвычайнае свята, прысвечанае… пірагам.

Мерапрыемства «Красна изба пирогами» сабрала шмат удзельнікаў і гледачоў. Праграму склалі так, каб цікава было ўсім. Вядучыя расказалі прысутным пра традыцыі, звычаі нацыянальнай кухні, пазнаёмілі з гісторыяй пірага, разнастайнасцю рэцэптаў яго прыгатавання. І, вядома ж, правялі конкурс на лепшую выпечку, у якім першае месца атрымаў самы юны ўдзельнік Ян Крыўко.

На працягу свята праходзілі розныя гульні, конкурсы, да якіх мог далучыцца кожны жадаючы, успаміналі народныя прыказкі і прымаўкі, спявалі прыпеўкі пра пірагі. А для дзяцей працавала дзіцячая пляцоўка, на якой можна было пазабавіцца разам з роставай лялькай Лосікам, пачаставацца салодкай ватай, папкорнам і набыць сувеніры на памяць.

Святочнага настрою дадавалі вакальныя калектывы мастацкай самадзейнасці этнаграфічнага цэнтра, якія радавалі гледачоў сваімі музычнымі нумарамі. З цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з вырабамі мясцовых майстроў Наталлі Гаўрыленка і Валянціны Раковіч.

Завяршылася гулянне дэгустацыяй пірагоў з чаем ад гаспадынь са Слабодкаўскай сярэдняй школы. ■

Алена НАБЕЕВА.