Корманарыхтоўчая кампанія на Браслаўшчыне істотна інтэнсіфікавалася: нашы ўласныя механізаваныя сілы ўзмацніў міжраённы спецыялізаваны атрад, сфарміраваны на базе ААТ «Верхнядзвінскі райаграсэрвіс».
Як расказалі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання райвыканкама, гэта абласная ініцыятыва. Згодна з ідэяй, паступаючую новую тэхніку было вырашана не распыляць па рэгіёнах і гаспадарках, а сканцэнтраваць у асобных папярэдне вызначаных прадпрыемствах. Тыя ж у сваю чаргу абавязваліся дапамагаць іншым, асабліва тым, хто сёння мае дысбаланс паміж вялікімі плошчамі і наяўнасцю рэсурсаў для іх апрацоўкі.
Цяпер, напрыклад, міжраённы мехатрад шчыруе на палетках «Слабодкі-агра». Маштаб работ уражвае. Дзве касілкі, два трактары з граблямі, два КВК і з дзясятак адзінак машын на адвозцы зялёнай масы, у тым ліку новенькія прыгажуны-МАЗы са шматкубовымі кузавамі. І гэта толькі калі казаць пра ўзмацненне! Паралельна ж задзейнічана і свая тэхніка, свае механізатары.
Сінергетычны эфект сур’ёзны. Так, з дапамогай кормаатрада ў гаспадарцы з’явілася магчымасць нарыхтоўваць штодзень па 500 – 600 тон сенажу. Ні працаваць у такім тэмпе, ні даваць такія лічбы самастойна, вядома, у «Слабодкі» не было ніякай магчымасці…
У гэтыя ж дні сакавітым кормам паспяхова запаўняюцца траншэі на МТФ «Іказнь». Справа ідзе хутка і якасна.
Тым часам спецыялісты падкрэсліваюць: такі механізм аказання дапамогі ў вобласці пакуль толькі адточваецца. Справа ў тым, што Браслаўскі раён – першы, куды накіравалі ўзмацненне. Таму і пэўныя цяжкасці маюць месца, як правіла, яны арганізацыйнага характару. Калі ж казаць пра канчатковы вынік, то ён, безумоўна, шыкоўны: тэмпы сезоннай кампаніі пры рабоце ў такім фармаце ўзрастаюць у разы. У яе адкрылася другое дыханне. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.