У Опсаўскай сярэдняй школе скончыў працу летні выхаваўча-аздараўленчы лагер «Рознакаляровыя далонькі». Адпачынак у ім карыстаўся папулярнасцю: змена сабрала сёлета рэкордную колькасць выхаванцаў – 69.
Надвор’е ў чэрвені не надта радавала, таму дарэчы прыйшліся экскурсіі ў розныя арганізацыі, вандроўкі па гістарычных мясцінах Браслаўшчыны.
Дзеці з выхавальнікамі аб’ездзілі ўвесь раён і наведалі музеі – традыцыйнай культуры і краязнаўчы, Дзяржінспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, клас экалагічнай асветы нацпарка, Браслаўскі РАНС і РАУС, выратавальную станцыю Асвода, цэнтральную бібліятэку, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Таксама пабывалі на майстар-класах у ЦДіМ, у агр. Слабодка і Друя, у Цэнтры бяспекі г. Наваполацка. Не пакінулі без увагі і родную Опсу, дзе схадзілі на экскурсію ў сельвыканкам, пагранічную камендатуру, досугава-літаратурны цэнтр, пацікавіліся славутасцямі і памятнымі мясцінамі малой радзімы.
Хочацца выказаць словы падзякі супрацоўнікам гэтых арганізацый, якія дапамаглі арганізаваць вольны час хлопчыкаў і дзяўчынак у летні перыяд.
Дзейнасць лагера, несумненна, залежала і ад разнастайнасці формаў выхаваўчай работы, сярод якіх пераважалі актыўныя: сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, батлы, квэсты, танцавальныя марафоны, конкурсы, гульні, віктарыны і інш. Але, напэўна, самы важны складальнік паспяховасці лагера – гэта яго выхавальнікі, якія аддавалі часцінку сваёй душы дзецям. Нашы педагогі згуртаваліся ў творчую, ініцыятыўную і крэатыўную каманду. Таму так ахвотна і запісваюць бацькі сваіх дзяцей у выхаваўча-аздараўленчы лагер, ведаючы, што там навучэнцы правядуць час актыўна і з карысцю. ■
Алена РАДЗЭВІЧ, педагог-арганізатар Опсаўскай СШ.