Патрыятычны фестываль «На прывале» ўжо другі раз запрасіў да ўдзелу ў разнастайных актыўнасцях наведвальнікаў выхаваўча-аздараўленчых лагераў.
Да навучэнцаў завіталі і госці – старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Скур’ят, воіны-інтэрнацыяналісты Леанід Мікшта, Уладзімір Лясовіч, Уладзімір Навумаў і Мікалай Туляеў. Усе разам – і дзеці, і дарослыя – успомнілі гераічную барацьбу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ды выказалі ўдзячнасць ветэранам за мужнасць і аддалі даніну памяці тым, хто ахвяраваў жыццё дзеля сённяшняга дня.
Каштоўнасць міру асабліва адчувалася падчас праходжання удзельнікамі фестывалю рознага кшталту лакацый, тэматыка якіх ахоплівала як шчаслівыя моманты (іх сімвалізаваў папяровы голуб, якога навучыліся рабіць школьнікі, і малюнак крэйдай на асфальце), так і падзеі ваеннага ліхалецця – пра іх нагадвалі пазлы, крыжаванкі і выстава кніг. Паглыбілі навучэнцы і веды пра дзейнасць Чырвонага Крыжа.
Затым дзяцей чакала аглядная экскурсія па музеі воінаў-інтэрнацыяналістаў у СШ № 1 імя А. М. Жданава, падчас якой самі непасрэдныя ўдзельнікі ваенных дзеянняў у Афганістане расказвалі пра выстаўленыя экспанаты.
Завяршыўся патрыятычны фестываль ускладаннем кветак да мемарыяла воінам-вызваліцелям у гарадскім парку. ■
Жанна БЯЛЬКО.