Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны, пабудаванага побач з легендарным Буйніцкім полем, дзе ў Вялікую Айчынную вайну ішлі самыя бязлітасныя абарончыя баі на подступах да абласнога цэнтра.
«У залах гэтага музея ажывае і гаворыць галасамі герояў сама тысячагадовая гісторыя краю. Прыадкрываецца таямніца жыцця летапісных радзімічаў, ад роду і племені якіх пачалася гісторыя рэгіёна. І не толькі рэгіёна, – сказаў Прэзідэнт. – Магілёў заўсёды быў мостам паміж Захадам і Усходам у мірны час і станавіўся крэпасцю ў гады ліхалецця. На гэтых землях не адзін раз сходзіліся ў бітвах войскі вялікіх князёў літоўскіх, каралёў польскіх, самадзержцаў рускіх».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у мінулым рэгіёна, як у люстэрку, адлюстроўваецца гісторыя ўсёй краіны, а экспазіцыя музея паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці, уласнай дзяржаўнасці, звязвае разам гераічнае мінулае і мірнае сучаснае.
Вялікая ўвага ў музеі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны.«І гэта правільна. Асабліва цяпер, калі супраць праўды пра тую вайну азвярэла ваююць у Еўропе: маршыруюць нацысты, зносяцца мемарыялы і помнікі, крывадушна пачалі перапісваць гісторыю. Менавіта таму мы свята шануем памяць пра подзвіг ветэранаў, людзей, якія аднаўлялі гарады і вёскі Магілёўшчыны пасля вызвалення і кавалі працоўную славу ўсе гэтыя гады», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар перакананы, што музей Славы стане сапраўды народным, будзе беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду пра Вялікую Перамогу нашага народа, выхоўваць сапраўдных патрыётаў.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Вялікую Айчынную Савецкі Саюз страціў амаль 30 млн чалавек. І каб гэтага не здарылася зноў, важна памятаць урокі гісторыі. У тым ліку і таму ўзводзяцца такія аб’екты. «Гэта не таму, што рабіць нам няма чаго і няма чаго больш будаваць. Мы хочам, каб вы прыходзілі сюды. Яшчэ ёсць пакаленне савецкіх людзей, якія шануюць гэту памяць пра Вялікую Айчынную. І гэтыя людзі могуць моладзі перадаць гэты вопыт. Каб яны разумелі, навошта мы гэта робім», – сказаў кіраўнік дзяржавы. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.