Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні па кандыдатурах новых старшынь райвыканкамаў, абазначыў галоўныя патрабаванні з боку дзяржавы па ключавых напрамках дзейнасці – рабоце з кадрамі, у АПК і па прыцягненні інвестыцый.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на ключавыя напрамкі, якія абавязкова павінны быць у полі іх зроку. Гэта перш за ўсё работа з кадрамі, умацаванне эканамічнага патэнцыялу рэгіёна праз рэалізацыю інвестпраектаў і, вядома, эфектыўная работа аграпрамысловага комплексу. Прычым па ўсіх абазначаных сферах кіраўніцкія рашэнні павінны быць своечасовымі і выверанымі, запатрабаваў Прэзідэнт.
«Дзейнічайце! Не сядзіце і не чакайце, што нехта прыйдзе і нешта зробіць. Як толькі мы ўбачым, што вы распрануліся і працуеце з раніцы да вечара, ведзяце за сабой людзей і ў вас хоць крышку нешта атрымліваецца, мы будзем вам дапамагаць і вас падтрымліваць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.