Кастрычніка, 12 Б. У Браславе пачалі ўзводзіць новы 40-кватэрны дом

Новости
Будаўнікі наваполацкага трэста № 16 прыступілі да ўзвядзення новага 40-кватэрнага дома ў Браславе па вуліцы Кастрычніка, 12 Б.

Пляцоўка тут складаная: схіл і блізкасць балота. Таму падрыхтоўчая фаза была даволі працяглай. Спатрэбіліся вельмі аб’ёмныя земляныя работы, перакладка камунікацый, стварэнне сур’ёзнага свайнага поля, на якое ў хуткім часе будзе абапірацца фундамент будучай шматпавярхоўкі.

Цяпер на будоўлі працуюць экскаватары і самазвалы, пачалася заліўка першых партый бетону. Паралельна ідзе падрыхтоўка да ўстаноўкі вежавага крана.

Аб’ект наведаў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Пятруша. Ён правёў штаб, удзел у якім узялі таксама прадстаўнікі раённай улады, арганізацыі – заказчыка будаўніцтва, генеральнага і субпадрадчыкаў. Спецыялісты абмеркавалі агульны ход работ, тэрміны іх выканання, бягучыя праблемы і шляхі іх вырашэння.

У рамках свайго візіту на Браслаўшчыну Д. Пятруша праінспектаваў і будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, што цяпер у самым разгары. ■