На турыстычнай стаянцы «Окменіца» адбыўся традыцыйны раённы турзлёт моладзі. Сёлета ён быў прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
На прапанову РФСК «Дрывяціч» узяць удзел у мерапрыемстве адгукнуліся шэсць каманд. Свае зборныя на турзлёт адправілі цэх па вытворчасці сыру, «СтройБрасПроект», філіял «Браслаўрыба», ТБЗ «Браслаўскі», аддзел па адукацыі (яго прадстаўляла СШ № 1 імя А. М. Жданава), ЦРБ і РАНС – зводную.
На працягу двух дзён удзельнікі спаборнічалі ў валейболе, веласпорце, конкурсах турыстычнага быту, капітанаў, паходных страў, бодзі-арта, зарадкі, візіткі і інш. Дарэчы, у гэтым годзе новаўвядзеннем стаў валейбол: гульні адбыліся і ў пятніцу, і ў суботу. Яны збіралі шмат гледачоў і праходзілі вельмі цікава. Таксама сёлета замест велагонкі правялі паласу перашкод: веласіпедысты пераадольвалі розныя выпрабаванні, спаборнічаючы ў спрыце і хуткасці.
Па традыцыі відовішчнымі былі хатнія заданні – прадстаўленне каманды і прыгатаванне стравы. Тэмай візіткі стаў спорт. Як толькі турысты не абыгралі яе! З дапамогай песень, жартаў, вершаў і нават з выкарыстаннем вогнетушыцеляў. Стравы таксама ўражвалі арыгінальным падыходам ды падачай.
Падвядзення вынікаў усе чакалі з нецярпеннем, і гэта нягледзячы на тое, што табліцу з баламі вывешвалі пасля кожнага этапа турзлёту. Так, напрыклад, у велатурызме лідарамі сталі педагогі, візітнай картачцы – ЦРБ і РАНС, эстафеце – ТБЗ, конкурсе капітанаў – «СтройБрасПроект».
Агульны ж вынік такі: трэцяе месца заняла каманда «СтройБрасПроект», другое – СШ № 1 імя А. М. Жданава, а першае – зборная ЦРБ і РАНС. Дарэчы, кубак глядацкіх сімпатый па выніках агульнага галасавання каманд атрымалі работнікі цэха па вытворчасці сыру. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.