Лукашэнка пра саюз ЕАЭС: «Яно не проста функцыянуе, але і дабіваецца поспеху па асноўных параметрах»

Новости
Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) не проста функцыянуе, але і дабіваецца поспеху па асноўных параметрах. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 чэрвеня на пленарным пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму «Стратэгія еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў бягучым годзе Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС. А Еўразійскі эканамічны форум – самая маштабная адкрытая дыскусійная пляцоўка аб’яднання.

«У гэтай зале прысутнічаюць прадстаўнікі больш як 30 краін свету. Упэўнены, праведзены на працягу дня і будучы абмен думкамі будзе карысным для далейшага развіцця ЕАЭС», – сказаў Прэзідэнт. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, насуперак скептыкам, аб’яднанне, што перасягнула дзесяцігадовы рубеж, паказала здольнасць да знаходжання ўзаемапрымальных рашэнняў і рабочых кампрамісаў.

«Яно не проста функцыянуе, але і дабіваецца поспеху па асноўных параметрах», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Еўразійскі бізнес у поўнай меры адчуў перавагі бяспошліннага трансгранічнага гандлю і прымянення адзіных норм права, бесперашкодных узаемаразлікаў у нацыянальных валютах. Важным дасягненнем для нашых грамадзян з’яўляюцца магчымасці свабоднага працаўладкавання ў ЕАЭС. Створаны лічбавы сэрвіс «Работа без граніц», забяспечаны роўныя правы ў сферы пенсійнага забеспячэння, прызнанне дакументаў аб адукацыі», – звярнуў увагу беларускі лідар. У Еўразійскага эканамічнага саюза з’явіліся краіны-наглядальнікі на розных кантынентах, заключаюцца гандлёвыя пагадненні.

«Гэта значыць, і геаграфія, і функцыянал ЕАЭС пашыраюцца», – дадаў кіраўнік дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.