Самае летняе свята. Глядзіце, як браслаўчане адзначылі Купалле

Отдых
На Браслаўшчыне адзначылі найстаражытнейшае свята народнага календара – Купалле. З ім звязана шмат прыгожых легенд і паданняў, а яшчэ падчас купальскай ночы беларусы традыцыйна праводзілі розныя сімвалічныя абрады.

У зоне адпачынку «Брукоўка» ў мінулую нядзелю разгарнуліся гулянні з нагоды традыцыйнага свята – Купалля.

Браслаўчане збіраліся на мерапрыемства паступова: знаёміліся з выстаўкамі, гандлёвымі радамі, чакалі пачатку тэатралізаванай праграмы і ўдзельнічалі ў майстар-класах па народных рамёствах. Там, напрыклад, рабілі габелен з кветак. Асабліва вялікі натоўп людзей быў каля стала, дзе плялі вянкі. Арганізатары загадзя паклапаціліся пра розныя расліны, каб кожны змог сплесці сабе традыцыйнае купальскае ўпрыгажэнне. А яшчэ лічыцца, што маладыя дзяўчаты з дапамогай яго могуць паваражыць на будучыню і даведацца, ці будзе каханне шчаслівым, таму прыгажунь у вянках было шмат. Цікавасць выклікаў і куток траўніка, дзе расказвалі пра тыя ці іншыя зёлкі, частавалі гарбатай. Паралельна праходзіў анлайн-конкурс здымкаў у спецыяльнай фотазоне. Дарэчы, яго пераможцы атрымалі сертыфікаты ад РФСК «Дрывяціч» і турбазы «Браслаўскія азёры» на пракат воднага транспарту.

І вось на сцэну выйшлі вядучыя – удзельнікі народнага тэатра народнай гульні «Лёлі» Браслаўскага РЦК. Яны хутка прыцягнулі ўвагу да сябе сваімі жартамі, конкурсамі ды забавамі. Удалы сцэнарый свята дапоўнілі самабытныя выступленні ансамбля беларускай песні «Сябрына» Ахрэмаўскага ЦНК. А з якім азартам браслаўчане ўдзельнічалі ў аўкцыёне і выйгравалі вэнджаную рыбу, каўбасу, гарбату і інш.!

Не абышлося і без вогнішча – важнага атрыбута Купалля. Яго асноўная функцыя – ачышчэнне і прыцягненне ўдачы, таму ўсе дружна сталі вадзіць вакол яго карагоды. Завяршыўся ж купальскі вечар канцэртам з удзелам лепшых салістаў Браслаўшчыны і калектыву «Такт». ■


У аграгарадку Друя гулянне разгарнулася на беразе рэк Заходняя Дзвіна і Друйка. Тут загадзя склалі вялізнае вогнішча, усталявалі сцэну, уладкавалі месцы для адпачынку. Для зручнасці гасцей мерапрыемства працавалі гандлёвыя рады з сувенірамі і прысмакамі.

Праграма Купалля складалася з канцэртных нумароў запрошаных артыстаў. Перад гледачамі выступілі калектывы з Полацкага раёна, Лёзна, Мінска, народны фальклорны ансамбль «Вярба» з Дрысвят. Песні перамяжоўваліся танцамі і гульнямі. Удзельнікі мерапрыемства цёпла прымалі кожны нумар і актыўна падпявалі.

Самы доўгачаканы момант – запальванне купальскага вогнішча. Уся з нецярпеннем чакалі яго, а пасля вадзілі карагоды і рабілі фотаздымкі на памяць.

Купалле ў Друі сабрала шмат удзельнікаў і пацвердзіла, што цікавасць да свята не губляецца, а наадварот – павялічваецца.

Алена НАБЕЕВА.