Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў суайчыннікам зварот з нагоды Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
«22 чэрвеня 1941 года – сакральная дата ў нашай гісторыі. На Беларусь выпала выпрабаванне, цяжар якога навечна пакінуў глыбокі след у народнай памяці. Увераваўшы ў сваю непераможнасць, узвёўшы ў абсалют насілле і агрэсію, армады з Захаду прыйшлі забіваць, заваёўваць і занявольваць. Толькі пра адно яны забылі. Пра свабодалюбства, адданасць і стойкасць людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. І паплаціліся за гэта», – падкрэсліў у звароце Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што лета 1941-га – гэта не толькі пра мінулае: «Не будзе больш бліцкрыгаў і вераломных нападаў. Урокі заходняй крывадушнасці і хлусні мы засвоілі раз і назаўсёды. Занадта вялікай цаной дасталася нам Вялікая Перамога».
«У кожнага пакалення беларусаў свой лёс. Адным наканавана змагацца і быць гатовымі аддаць уласнае жыццё за Радзіму. Другім – захоўваць памяць пра ратныя подзвігі і не дазваляць агню вайны зноў абпаліць палі і нівы Айчыны. Зберагчы мір – наш свяшчэнны абавязак. Мы заўсёды будзем памятаць гераізм бацькоў і дзядоў з глыбокай удзячнасцю за мірнае неба над галавой», – гаворыцца ў звароце. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.