Працягваюцца святы населеных пунктаў Браслаўскага раёна. На гэты раз супрацоўнікі Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра і сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага РЦК пабывалі ў в. Вусце.
Культработнікі грунтоўна падышлі да мерапрыемства і падчас падрыхтоўкі знайшлі шмат фактаў пра вёску. Так, напрыклад, у 1914 годзе вёску дашчэнту спалілі салдаты царскай арміі, якія ведалі, што тут жывуць заможныя людзі. Ваенныя падпальвалі хаты і назіралі, як жыхары выносяць рэчы, у тым ліку золата, упрыгожванні, каштоўнасці і адбіралі іх. Многія хаты, пабудаваныя пасля гэтага мясцовымі майстрамі, і да сённяшняга дня стаяць у вёсцы. Дарэчы, Вусце славілася сталярамі і цеслярамі.
Вядучыя свята ўзгадвалі гістарычныя старонкі вёскі, ушаноўвалі мясцовых жыхароў, праводзілі конкурсы і гульні. Не абышлося і без канцэрту. Для ўдзельнікаў мерапрыемства выступілі Валянціна Пінаева, Валянціна Кука, Ілля Садоўскі, ансамбль народнай песні «Карагод». Была падрыхтавана выстаўка творчых работ і кулінарных прысмакаў мясцовых гаспадынь.
Словам, свята атрымалася такім, як і задумвалася, – вясёлым і запамінальным.
Алена НАБЕЕВА.