Нягледзячы на капрызнае надвор’е, корманарыхтоўка на Браслаўшчыне паступова набірае абароты. Першымі ў раёне ў гэту кампанію ўключылася ААТ «Слабодка-агра».
Перад сельгаспрадпрыемствам сёлета стаіць задача нарыхтаваць 280 тон сена, 5 500 т сенажу (у тым ліку 1 500 т у палімернай упакоўцы) і 6 300 т сіласу. Скасіць першым укосам трэба звыш 1,5 тысячы гектараў траў. Работа вядзецца з мэтай забяспечыць кармавой базай 1 455 галоў буйной рагатай жывёлы ўласнага статку.
Цяпер у акцыянерным таварыстве працуе кормаатрад у складзе адной касілкі і аднаго КВК, граблей, прэс-падборшчыка, «Амкадора» на трамбоўцы і дзвюх адзінак тэхнікі, задзейнічанай на адвозцы зялёнай масы.
Работа ідзе ўжо на працягу двух тыдняў, але яе моцна запавольваюць працяглыя дажджы: на палеткі часам літаральна не заехаць! Аднак кожны большменш сухі дзянёк аграрыі выкарыстоўваюць, як кажуць, па максімуме – шчыруюць ад цямна да цямна.
Травастой у гэтым годзе, дарэчы, даволі добры. Пры належнай арганізацыі працэсу і спрыяльных умовах з боку надвор’я ў «Слабодцыагра» закладваюць у траншэі па 50 – 100 тон сенажу штодзень. Па стане на панядзелак сельгаспрадпрыемства скасіла звыш 270 гектараў, ці амаль 18 % ад запланаваных плошчаў. Пакуль гэта найбольшы працэнт у раёне.
На трамбоўцы зялёнай масы заняты вопытны механізатар Аляксандр Антонаў,а сыравіну яму спраўна пастаўляюць Артур Маціеўскі (КВК) і Андрэй Бурлакоў («Кіравец» на адвозцы).
Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.