Вынікі ЦЭ-2025: дзве юныя браслаўчанкі набралі па 100 балаў

Главное
На гэтым тыдні адзінаццацікласнікі атрымалі вынікі другога цэнтралізаванага экзамену, і дзве выпускніцы школ Браслаўскага раёна надзвычай парадавалі сваіх настаўнікаў і бацькоў максімальнымі 100 баламі па рускай мове. Гэта навучэнкі Друйскай СШ Злата Войцік і СШ № 1 імя А. М. Жданава Валерыя Кезік. «Браслаўская звязда» пацікавілася ў іх падрабязнасцямі.

Злата ВОЙЦІК:

– Я даведалася пра свой вынік у асабістым кабінеце. Убачыла 100 балаў – не адразу паверыла нават! Прыемна здзівілася, вельмі ўзрадавалася і тут жа пабегла ўсім расказваць такую навіну. Па праўдзе казаць, я гэтыя балы чэсна заслужыла, бо шмат працавала. А яшчэ ўдзячна цудоўнай настаўніцы Святлане Яўгенаўне Зубко, якая верыла ў мяне і добра падрыхтавала да іспытаў. Яна ўмее нават складаныя тэмы тлумачыць проста і даходліва. Руская мова давалася мне без асаблівых цяжкасцей, у апошні ж год навучання я стала займацца больш сур’ёзна, рэгулярна адводзіла на падрыхтоўку 1-2 гадзіны. Паўтарала правілы, прарэшвала ранейшыя тэсты – гэта значна дапамагае.

Я чалавек дастаткова трывожны, і перад экзаменам, безумоўна, хвалявалася, бо ведала: ад вынікаў ЦЭ залежыць мая мара, мая будучыня, якую я хачу звязаць з псіхалогіяй ці лагапедыяй. А вось калі ўжо нам раздалі бланкі, супакоілася і сканцэнтравалася. Пераправерыўшы заданні, выйшла з думкай: быццам няма памылак. Затым нават усе пытанні, дзе вагалася, паглядзела ў інтэрнэце – правільна. На рэпетыцыйным тэсціраванні ў мяне было 96 балаў, і таму ўбачыць сотню было нечакана і радасна.

Валерыя КЕЗІК:

– У панядзелак, калі я была на рэпетыцыі выпускнога, атрымала SMS. Чытаю – а там 100 балаў! Крута! Потым зайшла ў асабісты кабінет, пераправерыла. Такі ж вынік у мяне быў на трэцім РТ, і я, што казаць, марыла пра высокія балы, але асаблівай упэўненасці не было. І вось сотня! Дарэчы, заданні па рускай мове не здаліся мне такімі ўжо складанымі. Я напісала ўсё мінут за трыццаць, пасля пераправерыла, акуратна перанесла адказы ў бланк і дзесьці праз паўтары гадзіны выйшла. Праўда, спачатку ў аўдыторыю заходзіла з хваляваннем: напісаўшы рэпетыцыйнае тэсціраванне на 100 балаў, раптам цяпер не змагу?

Рыхтавацца да ЦЭ па рускай мове (яе выкладае Таццяна Пятроўна Маслякова) я пачала ў жніўні перад 10-м класам, і на працягу двух гадоў, акрамя вучобы ў школе, займалася дадаткова па гадзіне на тыдні, плюс прарэшвала заданні з мінулагодніх зборнікаў. Да таго ж у сярэдніх класах удзельнічала ў алімпіядзе. І калі раней былі праблемы з граматыкай, то цяпер яе падцягнула. Яшчэ я прымяняла правілы не толькі пры выкананні заданняў, а напрыклад, у перапісцы ў месенджарах – так лепш усё запамінаецца.

Увогуле гэты навучальны год мяне радаваў прыемнымі падзеямі – перамогай на навуковай канферэнцыі «Эўрыка» ў Віцебску, дыпломам ІІІ ступені абласнога этапа прадметнай алімпіяды па біялогіі і такім жа дыпломам падчас ўніверсітэцкай, па выніках якой мне далі рэкамендацыю на паступленне без іспытаў у Віцебскі дзяржмедуніверсітэт. Медыцына – якраз тая сфера, што мяне прываблівае. ■

Жанна БЯЛЬКО.