Журналісты газеты «Браслаўская звязда» прынялі ўдзел у V медыяфоруме «Медыя сёння: фокус на праўду»

Главное
Пятага і шостага чэрвеня ў Гомельскай вобласці адбыўся пяты форум медыйнай супольнасці Беларусі «Медыя сёння: фокус на праўду». Мерапрыемства сабрала больш за тысячу ўдзельнікаў: журналістаў, экспертаў медыя, прадстаўнікоў блогасферы, ідэалагічнай вертыкалі і прэс-службаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання з усёй краіны. Прымалі ўдзел у форуме і журналісты «Браслаўскай звязды».

Дыскусіі і экскурсіі

Два насычаных мерапрыемствамі дні чакалі ўдзельнікаў. Своеасаблівай фішкай форуму стала яго правядзенне на пляцоўках шасці гарадоў Гомельскай вобласці. Тэма ж была адзіная – роля праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі ў сучасным свеце.

Фактычна адначасова панэльныя дыскусіі і экскурсіі адбываліся ў Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Рагачове, Светлагорску і Жлобіне. Эксперты рэспубліканскага значэння і рэгіянальныя спікеры абмяркоўвалі ролю праўды ў медыясупольнасці, як тэхналогіі змяняюць журналістыку і як адрозніць праўду ад фэйкаў.

Для дэлегатаў Віцебскай вобласці, напрыклад, была зладжана панэльная дыскусія з удзелам генеральнага дырэктара БелТА Ірынай Акуловіч. Дыскусія аднак больш нагадвала канструктыўны дыялог, падчас якога рэгіянальныя журналісты маглі задаць пытанні і павучыцца ў рэспубліканскіх калег. Супрацоўнікі вядучага агенцтва Беларусі расказалі таксама, як можна ўздзейнічаць на аўдыторыю простымі спосабамі ў перыяд трансфармацыі медыя.

Таксама віцябляне пабывалі на адным з брэндавых прадпрыемстваў Гомельшчыны і горадаўтваральным Рагачова – малочным камбінаце, які, акрамя згушчанага малака, аказваецца, выпускае больш за 100 відаў прадукцыі. Наведалі і мясцовы ЦДМ, школу. Дарэчы, у Рагачоўскім раёне вельмі развіты юнкораўскі рух: як дзеці захапляюцца журналістыкай і супрацоўнічаюць з мясцовай газетай, уражвае.

Фокус на праўду

Пленарную частку другога дня адкрыў першы намеснік галавы Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, які зачытаў удзельнікам форуму прывітальны адрас ад кіраўніка нашай дзяржавы:

– У эпоху постпраўды ваш форум з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для абмену вопытам, абмеркавання тэндэнцый і стратэгіі развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, дае магчымасць па заслугах адзначыць уменні майстроў друкаванага слова. Насычаная праграма мерапрыемстваў, напэўна, дазволіць журналістам і медыяэкспертам пашырыць прафесійныя гарызонты і ўкараніць у сваю працу перадавыя практыкі.

У. Пярцоў таксама адзначыў, што, каб зрабіць медыяіндустрыю больш эфектыўнай і прадукцыйнай, за апошні год зроблена нямала: маштабіраваны юнкораўскі рух, удасканалена нарматыўна-прававая база па ўзаемадзеянні з органамі ўлады, пашыраны фармат самога форуму.

Пра тое, што медыяполе даўно стала арэнай барацьбы, разважаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Ён прывёў прыклады, як дэструктыўныя сілы хацелі «раскачаць» сітуацыю ў рэгіёне, тым самым пасеяць недавер да ўлады і дыскрэдытаваць яе. У такіх умовах проста неабходна павышаць медыяграматнасць.

Міністр інфармацыі Марат Маркаў у сваім выступленні зрабіў акцэнт на важнасці падбору кадраў. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што асноўнай кузняй журналістаў павінны стаць раённыя і рэгіянальныя выданні.

Меркаваннем пра будучыню друкаваных СМІ, прыцягненне лічбавых тэхналогій падзяліліся рэдактары буйных холдынгаў і газет. На форуме разважалі таксама пра перавагі і рызыкі выкарыстання штучнага інтэлекту ў рабоце.

Падобныя мерапрыемствы, безумоўна, важныя і карысныя для ўсіх, хто працуе ў інфармацыйным полі нашай краіны. Сёння, як ніколі, важна ведаць праўду і не паддавацца на правакацыі. І менавіта журналісты закліканы абараняць інфапрастору дзяржавы і трымаць фокус на праўду.

Галоўныя тэмы выступленняў і дыскусій двухдзённага мерапрыемства – роля СМІ ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, інфармацыйнае супрацьборства, патрыятызм, прафесіяналізм і захаванне гістарычнай памяці ў медыя. А таксама выкарыстанне штучнага інтэлекту ў медыясферы: магчымасці і рызыкі, інфармацыйнае рэагаванне на крызісныя сітуацыі, інфлюенс-журналістыка як новая з’ява медыяменеджменту.

Завяршыўся форум цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў ХХІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара». Сярод пераможцаў галоўны рэдатар Аршанскай газеты Анастасія Турок. Лаўрэатамі сталі рэдакцыя абласной газеты «Витебские вести» і яе фотакар, а таксама рэдакцыя гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск». ■ Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.