Суботнім вечарам аматары даўніны і відовішчаў «узброіліся» парасонамі ды дажджавікамі і накіраваліся на Замкавую гару, дзе прайшоў чарговы фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава».
Нягледзячы на дождж, тут панаваў святочны настрой, які стваралі ўдзельнікі мерапрыемства – прадстаўнікі больш як дзесяці клубаў гістарычнай рэканструкцыі, што займаюцца ўзнаўленнем касцюмаў, прадметаў побыту, упрыгожанняў, рамёстваў, зброі, даспехаў, ваеннага мастацтва, гульняў, забаў і ахвотна дэманструюць іх гасцям фестывалю. Чароўную атмасферу даўніны падтрымлівалі народны гурт архаічных спеваў «Княжыч» і студыя гістарычнага танца «Хорус Тэмпара».
Гледачы гучнымі воклічамі падтрымлівалі здабытчыкаў «жывога» агню, якім дажджлівым надвор’ем прыйшлося вельмі няпроста, перажывалі за суровых і мужных ваяроў – удзельнікаў пастановачных рыцарскіх баёў. А таксама цікавіліся вырабамі майстроў, што аднавілі старажытныя тэхналогіі, і ўмельцаў дамоў рамёстваў з розных раёнаў Паазер’я, частаваліся стравамі сярэднявечнай і сучаснай кухні.
Завяршылася свята выступленнем музычнага калектыву KAS і вогненным шоу. ■