Вёска Стайкі ўпісана ў трагічны спіс сясцёр Хатыні. Восенню 1942 яна была спалена разам з жыхарамі нямецкімі акупантамі. На месцы трагедыі ўсталяваны помнік з прозвішчамі ахвяр. Да яго нярэдка прыязджаюць родныя трагічна загінулых людзей. Над мемарыялам шэфствуе Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Пасля зімы сіламі ўстановы была прагрэйдзіравана дарога, скошана і ўбрана расліннасць, пафарбавана агароджа і інш.
Напярэдадні 9 мая ў нацыянальным парку вырашылі правесці велапрабег і мітынг, прысвечаныя Вялікай Перамозе і памяці ахвяр вайны. Работнікі ўстановы актыўна падтрымалі прапанову і да ўдзелу яшчэ запрасілі і сваякоў загінулых, а для іх падвозу ў Стайкі нацпарк выдзеліў транспарт. Кіраўніцтва Далёкаўскага сельсавета і работнікі клуба-бібліятэкі арганізавалі пранікнёнае мерапрыемства. Ля помніка прысутныя доўга дзяліліся ўспамінамі пра родных, узгадвалі трагічныя падзеі восені 1942, усклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання.
«Выказваем словы ўдзячнасці кіраўніцтву ўстановы за навядзенне парадку. Мы нярэдка тут бываем, але ў сувязі з узростам не ўсе справы нам па сіле. Цяпер жа скарысталіся магчымасцю пабываць на мітынгу, падзяліцца ўспамінамі і расказаць сучаснікам праўду пра трагедыю. Дзякуй усім!» – узрушана прамовілі Алена Брэская і Ганна Плясун ад імя сваякоў. ■
Алена НАБЕЕВА.