Напярэдадні Дня Перамогі ў Браславе арганізавалі аўтапрабег «Браслаў памятае», які сабраў моладзь, прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.
Старт мерапрыемству быў дадзены на «Брукоўцы». Адсюль калона аўтамабіляў, упрыгожаных сцягамі і беларускай сімволікай, адправілася па маршруце. Яго першай кропкай стала месца пахавання ахвяр Браслаўскага гета, дзе адбыўся мітынгрэквіем. Тут, на ўскрайку горада, падчас акупацыі немцы расстралялі звыш 4 000 дарослых і дзяцей. Як напамін пра трагедыю на гэтым месцы ўсталяваны помнік, яго цяпер дапоўнілі мемарыяльныя пліты з прозвішчамі загінулых, якія ўдалося ўстанавіць. «Сёння мы бачым на новых плітах імёны. Гэта значная падзея для раёна і прыклад усеагульнай павагі, патрыятычнага выхавання моладзі. Упэўнена, што дзякуючы рабоце па ўвекавечванні памяці мы зможам захаваць імёны землякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны», – сказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Удзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць ахвяр вайны мінутай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка.
Наступнай кропкай маршруту стаў аграгарадок Слабодка, дзе адбылося адкрыццё памятнага знака, прысвечанага юным падпольшчыкам Фёдару і Спірыдону Дзярабам, Вользе Максімовіч. Гэта стала вынікам карпатлівай сумеснай работы школьнікаў і дарослых – мясцовай школы, Слабодкаўскага сельсавета і раённай улады.
Як падкрэсліла старшыня райсавета Ніна Пучынская, Вялікая Айчынная вайна стала выпрабаваннем для мільёнаў людзей.
«Мір і свабода дасталіся вельмі дарагой цаной: загінуў кожны трэці беларус. Нельга забываць пра гэта. Трэба памятаць, каб вайна ніколі не паўтарылася», – адзначыла яна. ■
Апошняй кропкай маштабнага аўтапрабегу стала Браслаўская гімназія, якой акурат напярэдадні 9 мая і 30-гадовага юбілею прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза Івана Мікітавіча Валчкова, што ваяваў за вызваленне Браслаўшчыны.
Удзельнікаў аўтапрабегу чакалі ўсхваляваныя момантам гімназісты. У руках яны трымалі партрэты тых, хто мужна змагаўся з немцамі. Некаторыя пайшлі на фронт у зусім юным узросце – пайшлі і не вярнуліся.
Права прысвоіць імя гімназіі і зняць завесу з новай таблічкі было прадастаўлена старшыням райвыканкама і райсавета Вячаславу Грышчанку і Ніне Пучынскай, а таксама дырэктару гэтай установы адукацыі Алене Гірон. Віншуючы гімназію з такой знакавай урачыстасцю, госці адзначылі важнасць і неабходнасць падзеі, асабліва ў наш няпросты час, калі некаторыя жадаюць перапісаць гісторыю на свой лад. Гімназісты ж паабяцалі беражліва захоўваць памяць пра І. М. Валчкова і браць прыкдад з сапраўднага героя. ■
Тэкст і фота Веры БУЛАНАВАЙ.
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.