Менавіта з пачуццямі бязмернай удзячнасці ўсім, хто аддаў сваё жыццё за нашы 80 мірных гадоў, і любові да свайго роднага краю браслаўчане ў святочны дзень з кветкамі і сцяжкамі прыйшлі на плошчу горада, каб вітаць адзін аднаго і віншаваць з Вялікай Перамогай. Больш за тое, для многіх гэта ўжо шматгадовая і неад’- емная традыцыя, бо няма беларускай сям’і, якую б не закранула тая ўжо далёкая, але такая незабыўная вайна.
Сімвалічна, што пачаліся ўрачыстаці ў Браславе з тэатралізаванай харэаграфічнай пастаноўкі на плошчы «Як хораша на свеце без вайны…». Сонейка, яснае неба, бестурботна гуляюць дзеці… І вось гэта ўсё разбурана, скрадзена карычневай чумой: без аб’яўлення вайны пачаліся цяжкія, доўгія, кровапралітныя 1 418 дзён і начэй. Няма больш радасці, дзіцячага смеху, толькі кінутыя цацкі нагадваюць пра былую весялосць і шчаслівае дзяцінства. Нашы дзяды і прадзеды адстаялі краіну, цаной свайго жыцця падарылі нам мір, і мы не маем права дазволіць такому паўтарыцца – чыталася ў вачах гараджан. У знак павагі ўсе разам браслаўчане выканалі легендарную песню «День Перамогі».
Момант тэатралізаванай пастаноўкі «Як хораша на свеце без вайны…».
Святочнай калонай прайшлі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзі да мемарыялу воінам-вызваліцелям, дзе адбыўся мітынг-рэквіем «Сёстры Хатыні». Зноў жа невялікая тэатралізаваная пастаноўка адлюстравала сумныя старонкі ваеннага ліхалецця: за гады вайны было знішчана больш за палову нашых нацыянальных багаццяў, разбурана больш за 200 гарадоў і звыш 9 тысяч вёсак. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі сотні лагераў смерці і гета. Толькі сумна вядомы канцлагер Трасцянец забраў жыцці больш за 500 тысяч савецкіх людзей і грамадзян Еўропы. Мы проста не маем права такое забыць: занадта вялікая цана была ў Перамогі.
Прышпіліць бутаньерку з яблыневай кветкай – сімвалічна і прыгожа.
«Дзень Перамогі – самае светлае, дарагое і любімае свята. Гэта частка гісторыі кожнай сям’і. Пераможны май 1945-га назаўсёды ўвайшоў у гераічны летапіс нашай Радзімы як сімвал мужнасці і стойкасці, нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці нашага народа, – адзначыў старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, віншуючы браслаўчан і гасцей горада са святам. – У раёне праводзіцца вялікая работа па захаванні гістарычнай памяці, увекавечванні імёнаў савецкіх салдат і нашых землякоў на мемарыяльных плітах, добраўпарадкаванні месцаў баявой славы, прысваенні імёнаў герояў установам адукацыі ў знак памяці пра тых, хто сваімі подзвігамі праслаўляў наш край, нашу Радзіму, каб моладзь памятала і ведала сваю гісторыю, бачыла і ўяўляла, на каго трэба раўняцца дзеля мірнай і квітнеючай будучыні», – падкрэсліў галава раёна. Да слоў старшыні далучыліся і іншыя прамоўцы, і кожны дзякаваў за Перамогу.
Урачыстая святочная калона ўдзячных браслаўчан.
Хвіліна маўчання, традыцыйныя ўжо мірныя залпы і кветкі да падножжа мемарыялу – браслаўчане аддалі дань памяці сваім доблесным продкам.
Жахі вайны ніколі не сцерці з памяці беларусаў
Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі працягнуліся ў Раённым цэнтры культуры. На пляцоўцы каля яго разгарнулася зона-інсталяцыя «Пераможны май», былі арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі і выстаўка, частаванне салдацкай кашай, гучалі песні ваенных гадоў. ■