Партызанскія замалёўкі: Браслаўскі музей паказвае ўнікальную калекцыю часоў вайны

Да 80-годдзя Вялікай Перамогі
Мы працягваем знаёміць чытачоў газеты з цiкавымi экспанатамi, што захоўваюцца ў Браслаўскiм раённым аб’яднаннi музеяў. На гэты раз прадстаўляем камплект замалёвак, аўтарам якога з’яўляецца Пётр Пятровіч Касцюкевіч – былы разведчык партызанскай брыгады «Спартак», што дзейнічала ў наваколлі Казян, самабытны паэт і мастак.

Як расказалі ў музеі, камплект складаецца з 25 фотаздымкаў, малюнкаў, 17 вершаў і іншай інфармацыі. Матэрыялы яскрава распавядаюць пра баявыя справы мясцовых народных мсціўцаў у 1943 – 1944 гг. Тут ёсць нават спіс камандна-палітычнага складу партызан і аўтограф аўтара.

Брыгада «Спартак» узнікла ў ліпені 1943 г. на базе аднайменнага партызанскага атрада, які з’явіўся на Браслаўшчыне ў жніўні 1942 г.

Пётр шаснаццацігадовым юнаком стаў сувязным «спартакаўцаў», а пазней – разведчыкам. Ён вёў партызанскі дзённік, запісы ў якім суправаджаў замалёўкамі, вершамі. Пасля вайны ўцалелыя матэрыялы, а таксама талент і выдатная памяць далі П. Касцюкевічу магчымасць стварыць серыю графічных работ, прысвечаных гісторыі брыгады. Арыгіналы малюнкаў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, копіі перададзены нашаму музею. ■

Праект вядзе Алена НАБЕЕВА сумесна з супрацоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музея.
Фота Алены НАБЕЕВАЙ.