Лукашэнка: «Для Беларусі гэта Вялікая Перамога і захаванне памяці пра яе – частка нашай нацыянальнай ідэі»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні свяшчэннай даты – 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – уручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер.

«Дзякуючы беспрэцэдэнтнай мужнасці і адзінству савецкага народа завяршылася самая страшная, самая крывавая і маштабная вайна ў гісторыі чалавецтва. Завяршылася поўным разгромам фашызму. Для Беларусі гэта Вялікая Перамога і захаванне памяці пра яе – частка нашай нацыянальнай ідэі. Акупіраваная, скатаваная ворагам, але непакораная рэспубліка-партызанка, рэспубліка-падпольшчыца заплаціла за сваё мірнае неба велізарную цану. Страціўшы кожнага трэцяга», – сказаў кіраўнік дзяржавы.


Ён падкрэсліў, што подзвіг герояў назаўсёды застанецца найвялікшым прыкладам беззапаветнай любові да Радзімы, прыкладам, на якім выхоўваюць дзяцей, прадаўжаючы традыцыі, атрыманыя ў спадчыну ад доблеснага пакалення пераможцаў. Дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі сілавога блока і творчых прафесій, кіраўнікі рэгіёнаў і вядомых айчынных прадпрыемстваў, а таксама аграрыі.

Прэзідэнт пажадаў, каб гэты дзень не стаў фінішным п’едэсталам, а ператварыўся для лаўрэатаў дзяржузнагарод і іх калектываў у кропку адліку на шляху да новых здзяйсненняў: «Не час сёння спачываць на лаўрах. Атрымліваючы ўзнагароды напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, памятайце пра тых герояў, дзякуючы якім мы жывём». Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з надыходзячым святам, пажадаў моцнага здароўя, шчасця і мірнага неба над галавой. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.