Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка сабраў нараду па пытанні аказання падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту.
«Я запрасіў вас для таго, каб прафесійна абмеркаваць пытанні, наколькі эфектыўна мы расходуем сродкі на развіццё спорту, у прыватнасці, яго гульнявых відаў. Таму што гэта наша ўсё, гэта тое, што любіць народ, і тысячы і тысячы чалавек прыходзяць на гэтыя гульні. Гэта праблема і абмеркаванне наспелі даўно. Мы, вядома ж, выпрацавалі пэўную сістэму падтрымкі каманд, трэнераў, спартсменаў. Нам трэба з улікам нашага вопыту і выпрацоўкі тых напрамкаў нашага супрацоўніцтва і дзеянняў адкінуць усё непатрэбнае і вызначыцца, як будзем жыць далей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на ўдасканаленне інфраструктуры, устанаўленне прэферэнцый, дзіцячы спорт. «Скажу шчыра. Калі б мы пайшлі заходнім шляхам, за што многія выступаюць, сёння спорту ў краіне не было б. І вас не было б, выбачайце за гэта. Я гэтым хачу паказаць не тое, што якія мы вялікія і многае зрабілі, а тое, што аддачы няшмат ад гэтых укладанняў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Так, у асобных відах спорту беларусы паказваюць добрыя вынікі: у скачках на батуце, мастацкай гімнастыцы, веславанні на байдарках і каноэ, барацьбе.
«Але мы чакаем перамог і ў іншых відах спорту. Праблемы гульнявых відаў спорту мы абмяркоўвалі неаднаразова, але сітуацыя асабліва не мяняецца і пытанняў застаецца вельмі шмат. Патрэбна аддача ад тых сродкаў, якія ўкладваюцца ў спорт, – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. – Я гатовы абмяркоўваць і нераўнамернасць укладанняў у асобныя віды спорту. Многія кажуць: усё ў хакей ідзе або ў футбол, а нам – не. Над гэтым таксама трэба падумаць. І трэба разумець, што тыя грошы, якія мы трацім або вы траціце на спорт, – гэта не мае і не вашы грошы. Гэта народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні: калі нашы каманды перастануць калекцыяніраваць паражэнні, а пачнуць радаваць балельшчыкаў яркай гульнёй і галоўнае – перамогамі?» ■
Паводле матэрыялаў БелТА.