«Ідзіце, дзяўчаты, у калгасную вытворчасць: тут вас чакае павага і гонар». Пра што пісала раёнка 55 гадоў таму назад

Отдых

Пра што пісала «Браслаўская звязда» 55 гадоў таму назад (люты 1970-га).

Расце кніжны фонд

Жыхары раёна праяўляюць вялікую цікавасць да вывучэння прац У. І. Леніна. Пра гэта сведчыць такая лічба: толькі за мінулы год у бібліятэках Браслаўскага раёна зроблена 14 319 кнігавыдач твораў правадыра. Летась кніжны фонд устаноў культуры папоўніўся на 1 495 кніг У. І. Леніна і выданняў пра яго. Цяпер налічваецца 9 894 экзэмпляры літаратуры пра жыццё і рэвалюцыйную дзейнасць Уладзіміра Ільіча, а таксама яго твораў.

Рэальнасць нашых планаў

Нядаўна раённы Савет дэпутатаў працоўных разгледзеў план развіцця народнай гаспадаркі на 1970 год. Вялікае месца ў ім займае капітальнае будаўніцтва. За лік дзяржаўных укладанняў плануецца ўзвядзенне чатырохкватэрнага жылога дома для настаўнікаў Плюскай СШ, Дома культуры ў Браславе, інтэрната ў СПТВ № 39, канторы і склада ў райаб’яднанні «Сельгастэхніка» і інш. На добраўпарадкаванне Браслава, Відзаў і Друі выдзелена 81 тысяча рублёў.

Ці знойдзецца гаспадар?

Гэтымі днямі, калі цісне мароз, чакаць аўтобус на аўтастанцыі «Браслаў» холадна. Аднак калі зайсці ў памяшканне пагрэцца, то і тут што ў лядоўні. З два дзясяткі пасажыраў выстукваюць зубамі «марзянку», і праз дзіркі ў дзвярах і вокнах вырываецца на вуліцу трывожны сігнал «СОС». Тойсёй з пасажыраў, дачакаўшыся аўтобуса, паспешна пакідае залу чакання: нарэшце выпрабаванне холадам закончылася. Бачна, няма тут сапраўднага клапатлівага гаспадара.

Ідзіце, дзяўчаты, на палі і фермы!

Маладыя даяркі калгаса «Зорка» пішуць: «Многія вучні лічаць, што, скончыўшы 8 або 10 класаў, ім непрыстойна працаваць у калгасе. Шукаюць лёгкага хлеба, а некаторыя сядзяць на шыі бацькоў. Мы нядаўна са школьнай парты прыйшлі на ферму. Працай задаволены, цяжкасцей няма: гной раскідвае транспарцёр, ваду насіць не трэба, хутка ўстановяць электрадойку. І зарабляем па 90 – 100 руб. Дзяўчаты, не фарбуйце перад люстэркам вусны ды пазногці – гэтым славы не здабудзеце. Ідзіце ў калгасную вытворчасць, асабліва на фермы: тут вас чакае павага і гонар.

Вясковае кафэ

Зайздросна было жыхарам Опсы, бываючы ў горадзе, бачыць прыгожыя будынкі рэстаранаў і кафэ. У іх жа працавала толькі невялікая чайная на некалькі месц. І вось у вёсцы пабудавалі новую сталоўку з прасторнай залай і кухняй. Нядаўна яе па рашэнні праўлення сельпо пераабсталявалі ў кафэ, пашырыўся асартымент, і цяпер уся абстаноўка, культурнае абслугоўванне дастаўляюць наведвальнікам шмат задавальнення.

Наша перапіска

Дзве грамадзянкі з вёскі Баравыя Казянскага сельсавета звярнуліся ў рэдакцыю са скаргай на тое, што здадзеныя ў афарбоўку яшчэ ў сакавіку мінулага года кофты не вернуты камбінатам бытавога абслугоўвання да гэтага часу. Пры праверцы выявілася, што прыёмка рэчаў у афарбоўку і хімчыстку праводзіцца работнікамі КБА абыякава, без дакладнага запаўнення папер. У цяперашні час у прыёмным пункце ў Браславе знаходзіцца некалькі адзінак вопраткі без адпаведных дакументаў. Грамадзянкам трэба звярнуцца сюды для апазнання рэчаў.

Учора, сёння, заўтра

– Прадукцыя Браслаўскага рыбазавода знаходзіць вялікі попыт у спажыўцоў. Учора, 25 лютага, тут выпушчана 4 тысячы ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў і 4 цэнтнеры вэнджанай рыбы.

– Першага сакавіка ў раёне будзе праводзіцца традыцыйнае народнае свята «Снежны фестываль», ці провады зімы. У Браславе мерапрыемства адбудзецца на возеры Дрывяты. На ім выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці, будуць арганізаваны гульні і праца буфетаў. ■

 

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.