Лукашэнка: «Важна не проста абараняць граніцу, але і своечасова бачыць пагрозы»

Новости
Важна не проста абараняць граніцу, але і своечасова бачыць магчымыя пагрозы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 студзеня пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы ў 2025 годзе.

«Традыцыйна ў пачатку года, як гэта ў нас прынята, мы чарговы раз зацвярджаем рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы. Сённяшняе рашэнне – гэта не проста лінія дзяржаўнай граніцы на зямлі, вадзе і ў паветры. Гэта вельмі сур’ёзнае рашэнне па абароне суверэнітэту і абароне нашай дзяржавы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што ў абароне беларускіх рубяжоў у шырокім сэнсе задзейнічаны ўсе сілавыя структуры ад міліцыі да ваенных, паколькі забяспечыць ахову больш як 3,6 тыс. км аднымі пагранічнымі войскамі складана.

«Скажу адкрыта. Нараўне з абаронай дзяржаўнай граніцы з боку пагранічных войскаў найважнейшым пытаннем з’яўляецца тое, каб яны нас своечасова папярэдзілі пра пагрозы. Іншыя ведамствы таксама займаюцца гэтым, але перш за ўсё гэта задача нашых пагранічнікаў – папярэдзіць пра магчымыя пагрозы нашай бяспекі. Тады, адмабілізаваўшы ўсе сілы, якія ёсць у краіне (ад міліцыі да арміі, Міністэрства абароны), мы зможам процістаяць праціўніку», – заявіў кіраўнік дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.