Народны тэатр з Браслава — на тэлебачанні! Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў лістападзе 1974-га

Отдых

НЕ ЧАЛАВЕКА-ДЗЕНЬ, А НОРМАЗМЕНА

У калгасе імя Кірава з 1972 г. даследавалі выкарыстанне рабочага часу і высветлілі: многія не выконваюць устаноўленых нормаў. Ім важна, каб брыгадзір запісаў выхад на працу, які лічыцца як чалавека-дзень. Між тым выпрацоўка па гаспадарцы мінімальная – 57,8 %. Таму на сходзе вырашылі арганізаваць улік па-іншаму і перайсці на нормазмены. Цяпер важна не тое, колькі часу калгаснік знаходзіцца на працы, а які аб’ём работ выканаў.

ДА ВЫНІКАЎ МЕСЯЧНІКА

Падчас Усесаюзнага месячніка па бяспецы руху ў прадпрыемствах раёна былі праведзены тэматычныя гутаркі, разасланы інфармацыйныя пісьмы, працавалі грамадскія аўтаінспектары. Аднак за перыяд месячніка толькі за кіраванне транспартам у нецвярозым стане затрыманы 42 вадзіцелі, у тым ліку 4 – з БМУ меліярацыі, 4 – міжкалгасбуда, 2 – маслазавода, 12 – калгасаў «Гвардыя», імя Чапаева, імя Жданава, «Зорка» і саўгаса «Камуніст».

НА ВАРЦЕ ІНТАРЭСАЎ СЯМ’І

Нядаўна ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР зацвердзілі мерапрыемствы па ўвядзенні дапамог на дзяцей малазабяспечаным сем’ям. Яны будуць выплачвацца з 1 лістапада 1974 года ў памеры 12 рублёў штомесячна на кожнае дзіця да дасягнення ім 8-гадовага ўзросту, калі сярэдні сукупны даход на члена сям’і не перавышае 50 руб.

ІЛЬНОПРАДУКЦЫЮ – ДЗЯРЖАВЕ

У раёне крайне нездавальняюча ідзе продаж ільнопрадукцыі дзяржаве. Па стане на 11 лістапада паступіла ўсяго 151 т трасты і 168 т – саломкі, што ў пераводзе на валакно складае толькі 3,5 % да плана. Паступіла 207,4 т ільносемя, з 36 гаспадарак заданне выканалі 7. Кіраўнікі ж некаторых сельгаспрадпрыемстваў ігнаруюць дзяржаўныя планы: з 13 не паступіла ніводнага кілаграма, яшчэ ў 3 семя дастаткова, але яго ачыстку і продаж не вядуць. Сітуацыя патрабуе рашучых мер.

ХРОНІКА ГАРАДСКОГА ЖЫЦЦЯ

– Сёлета здадзены ў эксплуатацыю халадзільнік райспажыўсаюза. Адначасова ў ім можна захоўваць 100 тон прадукцыі. Халадзільнік, які працуе кругласутачна, абслугоўваюць 5 чалавек. – Рабочыя райпрамкамбіната амаль штодзень адгружаюць прадукцыю. Напрыклад, у Рыгу, Рэзекне і Віцебск адпраўляюць спецадзенне, у Баранавічы – металічную сетку, у Магілёў – чаранкі для лапат, у Бабруйск – мэблю. Толькі за 20 дзён лістапада паставілі вырабаў на 80 тыс. руб.

ДАРОГА-ЛІХАМАНКА

Жыхары Урбан папярэджваюць тых, хто яшчэ не ездзіў маршрутам Браслаў – Даўгаўпілс па ўчастку дарогі ад Крукоў да Пляўшкет праз іх вёску: варта мацней трымацца, а лепш за ўсё прывязацца рамянямі да сядзення. Інакш няма гарантыі, што не акажашся на падлозе салона аўтобуса ці аўтамабіля: трасе горш, чым на старадаўняй калясніцы. Калісьці тут быў асфальт, але ад яго засталіся толькі ўспаміны. Ужо 5 гадоў рамантуюць гэты ўчастак дарогі, а толку – ніякага.

НА ТЭЛЕЭКРАНЕ – СПЕКТАКЛЬ БРАСЛАЎЧАН

Спектакль «Зацюканы апостал» па п’есе А. Макаёнка бачылі браслаўчане, многія калгаснікі, рабочыя і служачыя калгасаў. Гэтая апошняя работа артыстаў Браслаўскага народнага тэатра – несумненны творчы поспех калектыву. На абласным аглядзе яна была ўдастоена дыплома І ступені. А 13 лістапада ў 16 гадзін спектакль «Зацюканы апостал» у пастаноўцы нашага тэатра быў паказаны па абласным тэлебачанні. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.