«Каб паспяхова працаваць, справу трэба любіць». Галоўны заатэхнік ААТ «Слабодка-агра» пра сваю работу

Люди
«Каб праца давалася лёгка і прыносіла добры вынік, яе трэба любіць», – кажа галоўны заатэхнік ААТ «Слабодка-агра» Алена Садоўская. Таму і сама любіць і іншых на такі падыход арыентуе.

Сёння Алена адказвае за ўсю жывёлагадоўчую галіну прадпрыемства, а гэта звыш 1,3 тысячы галоў, з якіх 622 – дойныя каровы. Статак размешчаны на 8 аб’ектах, у тым ліку чатырох – малочнатаварных. У камандзе галоўнага заатэхніка 45 чалавек: брыгадзіры, загадчыкі ферм, аператары машыннага даення, жывёлаводы. А ў полі зроку – вытворчасць малака, асемяненне, прывагі, утрыманне жывёлы і многае іншае, пры тым штодзённа.

«Работа вельмі рознабаковая, часам непрадказальная, дзень ненармаваны. Не заўсёды атрымліваецца так, як хацелася б. Каб у гэтай сферы паспяхова працаваць, сваю справу трэба любіць, – кажа А. Садоўская і тут жа дадае: – Я люблю».

Спецыяліст і людзі, якія шчыруюць з ёй побач, добра разумеюць, што працуюць на вынік. Ад гэтага залежыць выручка сельгаспрадпрыемства, а значыць, у многім і зарплата. Пакуль лічбы галоўнага заатэхніка радуюць. Так, па яе словах, вытворчасць малака ў «Слабодцы-агра» сёлета вырасла на 30 %, надоі на карову – на 25 %, прывагі – на 40 %, прыплод – на 17 %.

На гэтым фоне варта адзначыць, што Алена ўладкавалася ў гаспадарку толькі ў пачатку 2023 года. Да гэтага яна была ў водпуску па доглядзе дзіцяці, а яшчэ раней працавала ў суседнім акцыянерным таварыстве, куды прыйшла па размеркаванні адразу пасля атрымання профільнай адукацыі ў Лужаснянскім каледжы.

Зразумела, плюсаваць да першапачаткова невялікіх лічбаў прасцей, аднак факт ёсць факт: поспехі ў жывёлагадоўлі «Слабодкі-агра» ёсць. За гэта Алена Садоўская ўдзячна сваім шматлікім памочнікам. Сама ж яна вельмі рада, што змагла матываваць іх, скіраваць на стваральны лад, прывіць здаровы азарт да справы.

«Людзі разумеюць: за адказнай працай – адпаведны вынік, а за ім – і дабрабыт. Ды і куды ў вёсцы кінуцца? Ёсць работа – трэба за яе трымацца», – разважае спецыяліст.

Ёсць у галоўнага заатэхніка і планы. Алена ўжо мае шэраг новых ідэй і думае над іх рэалізацыяй. Па яе словах, будучыня без гэтага немагчымая, а глядзець у яе трэба з аптымізмам, бо ён заўсёды сябе апраўдвае. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.