Беларусь і Азербайджан не дружаць супраць трэціх краін, а робяць сваю справу ў імя інтарэсаў народаў дзвюх дзяржаў. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 кастрычніка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым.
«Нягледзячы на розныя перыпетыі на міжнароднай арэне, па нашых адносінах, Беларусі і Азербайджана, вы і мой сябар, мой вельмі блізкі сябар і брат Ільхам Гейдаравіч (Аліеў, Прэзідэнт Азербайджана. – Заўвага БелТА) павінны ведаць, што закрытых тэм у адносінах паміж Беларуссю і Азербайджанам няма, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Пры гэтым мы не парушаем ніякія нормы міжнароднага права, мы не дружым супраць трэціх краін, мы робім сваю справу ў імя нашых народаў».
Прэзідэнт заўважыў, што цёплыя адносіны паміж дзвюма краінамі склаліся яшчэ з часоў кіраўніцтва Азербайджанам Гейдара Аліева.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў неабходнасць рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых паміж бакамі ў час дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан у маі 2024 года. Гэта тэма, як расказаў Прэзідэнт, абмяркоўвалася ім напярэдадні з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам з акцэнтам на эканамічных аспектах двухбаковых адносін: «Ніякіх праблем няма. Адзінае, што ён сказаў: “Пажадана, каб хутчэй”. Гэта добра, што ва ўрадзе прэм’ер-міністр разумее, што трэба сёння як мага хутчэй, таму што час такі».
«Калі ў выніку сённяшняга візіту і вашага знаходжання ў Беларусі мы знойдзем магчымасць паскорыцца, мы абавязкова паскорымся. Мы як прэзідэнты перашкаджаць гэтаму не будзем», – запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на наяўнасць узаемнай падтрымкі Беларусі і Азербайджана на міжнародных пляцоўках. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.