Яшчэ з 2018 года ў школах нашага раёна адкрываюцца класы і групы аграрнай накіраванасці, дзе старшакласнікі рыхтуюцца да паступлення ў профільныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Сёлета ў іх займаюцца 28 хлопцаў і дзяўчат. А Опсаўская СШ, якая з’яўляецца рэгіянальным рэсурсным цэнтрам па дадзеным напрамку работы, і адпачынак дзяцей арганізуе з аграрным ухілам, папулярызуючы сярод моладзі сельскагаспадарчыя прафесіі.
Штогод ва ўстанове дзейнічае палатачны лагер турысцка-краязнаўчага профілю з кругласутачным знаходжаннем «Агра+». Такая форма аздараўлення і адпачынку падабаецца навучэнцам. Гэты год не стаў выключэннем: 10 падлеткаў у жніўні на працягу 9 дзён жылі ва ўмовах турысцкага калектыву і пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў цікава бавілі вольны час.
Усе мерапрыемствы лагернай змены былі падпарадкаваны гульнявому аспекту, аднак мелі велізарны выхаваўчы і прафарыентацыйны патэнцыял. Так, выхаванцы з дапамогай экскурсій значна пашырылі свае ўяўленні пра аграрную прамысловасць раёна. Хлопцы і дзяўчаты наведалі філіял «Браслаўрыба» і цэх па вытворчасці сыру ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», хлебазавод, машынны двор аддзялення № 3 СВК «Маяк Браслаўскі», ферму па дарошчванні маладняку БРЖ «Якавічы», з’ездзілі на палі гаспадаркі, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй уборкі збожжавых і прафесіяй камбайнера. Таксама ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» навучэнцы сустрэліся з былым галоўным ветэрынарным урачом КУСП «Відзаўскі» Іванам Раманцэвічам.
Вялікую колькасць мерапрыемстваў прысвяцілі вывучэнню малой радзімы. Паколькі лагер размяшчаўся ў агр. Дрысвяты, то дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з багатай гісторыяй гэтага населенага пункта і яго ваколіц, сустрэцца з цікавымі людзьмі. Выхаванцы з педагогамі выправіліся ў пошукавы рэйд да пункта знакамітай дугі Струвэ, на экскурсію «Па слядах дрысвяцкіх легенд», здзейснілі экспедыцыю «Нямыя сведкі Першай сусветнай», наведалі ГЭС «Дружба народаў» і атрымалі шмат уражанняў падчас сустрэчы з народным фальклорным калектывам «Вярба», які сёлета адсвяткаваў 35-годдзе сваёй прафесійнай дзейнасці.
Ну і, вядома ж, вялікая ўвага ў лагеры надавалася здароваму ладу жыцця і бяспецы: былі арганізаваны спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, у тым ліку гульня «Зарніца», свята «Вясёлага турыста», турыстычная паласа перашкод, квэстгульня «Пікет» з начным арыентаваннем і інш.
А ўвечары дзеці збіраліся ля вогнішча, каб падзяліцца ўражаннямі і даведацца пра планы на наступны дзень.
Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што аздараўленне ў лагеры «Агра+» сапраўды прынесла навучэнцам шмат плюсаў. ■
Інэса СТРЫНОВІЧ, начальнік лагера.