Перамены ў прафсаюзе: Ірына Лукша абраная новым старшынёй Браслаўскага прафсаюза

Новости
На працягу года ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях праходзіць справаздачна-выбарная кампанія па выніках 2019 – 2024 гадоў. Аналагічныя мерапрыемствы адбываюцца і ў галіновых раённых структурах ФПБ. На днях адпаведная канферэнцыя прайшла ў Браслаўскай райарганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Арганізацыя налічвае 489 членаў, якія працуюць у сацыяльнай сферы, органах мясцовага кіравання, райвыканкаме, ТЦСАН і інш. Апошніх пяць гадоў прафсаюзным лідарам тут з’яўлялася Ала Кастыгова. За гэты перыяд яна зарэкамендавала сябе граматным кіраўніком, які карыстаецца павагай і знаходзіць падыход да людзей. А. Кастыгова расказала ў справаздачным дакладзе пра дзейнасць райкама за пяцігодку, калектыўна-дагаворную, прававую работу, унутрыпрафсаюзную дысцыпліну, ахову працы і інш. Пра фінансавы стан і вядзенне дакументацыі прысутным дакладвала прадстаўнік рэвізійнай камісіі Ларыса Лапко.

Пасля разгляду асноўных пытанняў неабходна было абраць старшыню на новую прафсаюзную пяцігодку. Згодна з канцэпцыяй ФПБ, ім не можа быць чалавек, які займае кіруючую пасаду, таму была прапанавана кандыдатура Ірыны Лукша, начальніка аддзела эканомікі райвыканкама і дэпутат райсавета. Прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за Ірыну Лукша. «Вельмі адказна ўзначаліць такую вялікую арганізацыю. Абяцаю, што буду знаходзіцца на абароне правоў працуючых. Дзякую за аказаны давер», – зазначыла яна.

Новага лідара павіншавалі з абраннем старшыня райсавета Ніна Пучынская і кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава. «Думаю, што ў новага прафсаюзнага лідара ўсё атрымаецца. Бачна, што вы абралі актыўнага і надзейнага чалавека. Жадаю толькі поспеху», – падкрэсліла А. Няфёдава.

Напрыканцы канферэнцыі за шматгадовую і плённую працу Ганаровай граматай Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў была адзначана Ала Кастыгова, а таксама шэраг актывістаў арганізацыі. ■


Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава пабывала і ў Браслаўскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Разам з прафсаюзнымі актывістамі яна павіншавала выхаванцаў установы з новым вучэбным годам і ўручыла падарункі, якія дапамогуць зрабіць працэс навучання больш зручным. У знак удзячнасці для гасцей правялі экскурсію і паказалі некалькі канцэртных нумароў, падрыхтаваных хлопчыкамі і дзяўчынкамі.


Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.