На ўчарашні дзень сельгаспрадпрыемствы раёна назапасілі амаль 20 тысяч тон кормаадзінак, і адну чвэрць з іх – «Маяк Браслаўскі» (звыш 5,5 тысячы тон). На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана ў раёне 18 цэнтнераў кармавых адзінак, што амаль на 4,5 ц к. адз. больш, чым летась. Самы вялікі запас на зімоўку ўжо зроблены ва «Урбанах» (29 ц к. адз.), «Браслаўскім» (28 у к. адз.) і «Маяку» (26 ц к. адз.).
У «Браслаўскім райаграсэрвісе» пакуль назапасілі па 16,7 ц к. адз. на галаву жывёлы. Нягледзячы на тое, што гэта перавышае леташні паказчык на 3,5 ц к. адз., касавіца тут працягваецца. Дарэчы, дырэктар гаспадаркі Аляксандр Міхайлаў расказаў, што сёлета на корманарыхтоўцы задзейнічаны КВК, новая 9-метровая касілка, граблі і 4 адзінкі тэхнікі на адвозцы. Прадпрыемства назапасіла 420 т сена, 1 300 т – сенажу і 880 т – сіласу (яго з пайзы, якая добра ўрадзіла, робяць і сёння). Між тым у гэтым годзе ў «Райаграсэрвісе» з’явілася яшчэ адна сянажная траншэя – у в. Закор’е. Па словах Аляксандра Іванавіча, такім чынам вырашылі дзве праблемы адначасова: першую – убралі аварыйны будынак былога кароўніка, другую – яго сцены і бетонная падлога сталі добрай асновай для новай траншэі, у якую, дарэчы, змясцілася больш за 880 т сіласу. Цяпер у гаспадарцы 5 траншэй, шостую пачынаюць будаваць у Ахрэмаўцах, таксама на месцы былой фермы. Пляцоўку для яе ўжо расчысцілі.
Расказаў дырэктар, як тут рыхтуюць і штодзённы корм для жывёлы: у спецыяльнай драбілцы рэжуць сена ці салому, потым дабаўляюць сянаж і сілас, усё перамешваюць і падаюць на кармавы стол. Так корм атрымліваецца і не сухі, і не вільготны, даволі каларыйны, і ён больш падабаецца жывёле.
Такім чынам, у «Браслаўскім райаграсэрвісе» працягваецца сезон касавіцы і ідзе падрыхтоўка памяшканняў ферм для зімова-стойлавага ўтрымання. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.