У Браслаўскай гімназіі прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя

Новости
Забеспячэнне эфектыўнасці адукацыі – пытанне, якое з цягам часу не страчвае сваёй актуальнасці, асаблівае ж значэнне яно набывае ў Год якасці. Годны вынік не бывае выпадковым – гэта заўсёды плён высокіх памкненняў і шчырых намаганняў, а таксама сукупнага вопыту майстроў сваёй справы. Менавіта такія сабраліся ў мінулы чацвер у Браслаўскай гімназіі, дзе праходзіла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя «Якасць адукацыі – вызначальны фактар развіцця сістэмы адукацыі раёна».

Паглыбленне ў тэму форуму пачалося загадзя – яшчэ падчас наведвання яго ўдзельнікамі выставы з красамоўнай назвай «Ад якасці адукацыі – да якасці жыцця». Яе зладзілі ўстановы адукацыі Браслаўшчыны, прэзентуючы сацыяльна-педагагічныя праекты і актуальныя напрамкі сваёй дзейнасці. Адны з іх тычыліся спорту ці здаровага ладу жыцця, іншыя – эканомікі, тэхнічнай працы і г. д., аднак быў і агульны для ўсіх складальнік – патрыятычнае выхаванне дзяцей.

На яго значнасці акцэнтавала ўвагу прысутных начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Людміла Каптур, якая вяла размову пра якасць выхаваўчай сістэмы ў кантэксце пераемнасці ад дзіцячага сада да старэйшай ступені школьнай адукацыі. Яна таксама дэталёва прааналізавала мінулагоднюю работу сферы, абазначыла яе адпаведнасць запатрабаванаму ўзроўню, акрэсліла праблемныя моманты і паставіла перад педагагічнай грамадскасцю раёна задачы на новы навучальны год.


У 2023-2024 навучальным годзе ўстановы адукацыі Браслаўшчыны ўдзельнічалі ў 48 мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, па выніках якіх атрымалі 48 дыпломаў, што сведчыць пра якасць прадстаўленых конкурсных матэрыялаў. Сярод удзельнікаў – 132 навучэнцы і 24 педагогі. Таксама 58 педагогаў прынялі ўдзел у 20 адукацыйных (у тым ліку ў конкурсных) мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, па выніках якіх атрымана 46 дыпломаў, 3 падзякі і 7 сертыфікатаў.


Жнівеньская канферэнцыя традыцыйна становіцца пляцоўкай для абмену з калегамі вопытам працы. Гэтым разам гутарка ішла пра фарміраванне культуры адказных і бяспечных паводзін дзяцей, перадачу ім маральных нормаў і каштоўнасцей, заснаваных на любові да роднай зямлі, новыя формы і метады работы ў патрыятычным выхаванні і асаблівасці інклюзіўнай адукацыі. Словам, ёсць чаму павучыцца тром маладым спецыялістам, якія сёлета папоўнілі шэрагі настаўнікаў.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка, якая вітала ўдзельнікаў форуму ад імя раённай улады, падкрэсліла, што плённым вынікам стваральнай дзейнасці педагогаў спрыяе прыярытэтная падтрымка з боку дзяржавы, дзякуючы якой павышаецца прэстыж прафесіі настаўніка, умацоўваецца матэрыяльная база ўстаноў адукацыі. Яна сказала: «З гонарам хачу адзначыць, што педагогі Браслаўшчыны заўсёды высока трымаюць свой прафесійны ўзровень, укараняючы інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, пастаянна працуючы над павышэннем якасці адукацыі, прымнажаюць традыцыі айчыннай педагагічнай школы, рыхтуюць пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. Упэўнена, што кваліфікаваная і згуртаваная каманда педагогаў раёна зможа вырашыць пастаўленыя кіраўніцтвам краіны, вобласці і раёна задачы, якімі б складанымі яны ні былі». ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.