Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам назваў самую актуальную задачу ў супрацоўніцтве дзвюх краін, і яна ў галіне развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў высокага госця. «Вашаму прыезду мы надаём выключна важнае значэнне. Я думаю, ён можа быць гістарычным», – падкрэсліў ён.
«Цяпер самая актуальная задача для нас – узняць эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва да ўзроўню палітычнага», – заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што, нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, бакі адзіныя не толькі ў ацэнцы мінулага, але і ў поглядах на цяперашнюю палітычную сітуацыю, а таксама на будучае светаўладкаванне. Беларусь і Кітай устанавілі найвышэйшы ў гісторыі ўзровень адносін – усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.
«Нас са Старшынёй Сі Цзіньпінам звязвае глыбокая і шчырая, вельмі даўняя дружба. Дзве краіны аказваюць адна адной безумоўную падтрымку ў пытаннях, якія закранаюць карэнныя інтарэсы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што на пачатку пандэміі Беларусь першая накіравала ў Кітай самалёт з гуманітарнай дапамогай. «Калі кавід дакаціўся да Беларусі, Пекін аддзячыў у мнагакратным памеры, перадаўшы ў Мінск некалькі дзясяткаў тон медыцынскага грузу. Беларускі народ з разуменнем і вялікай дабрынёй адрэагаваў на вашу дабрыню», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў удзячнасць Кітаю за аказанне тэхніка-эканамічнай дапамогі. «Нават у складаны перыяд пандэміі ўдалося прадоўжыць узвядзенне падораных нам Вялікім Кітаем спартыўных аб’ектаў міжнароднага класа. Ужо сёння яны становяцца не проста ўпрыгажэннем беларускай сталіцы, а сімваламі дружбы нашых краін», – падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разам Беларусь і Кітай здольны на многае. За 17 гадоў у Беларусі з дапамогай Кітая рэалізаваны 27 стратэгічных прамысловых праектаў больш як на $5 млрд. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.