Ураду неабходна павысіць эфектыўнасць работы па рэалізацыі дамоўленасцей з замежнымі партнёрамі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 ліпеня на нарадзе па міжнародных пытаннях.
У пачатку мерапрыемства кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што міжнародны парадак дня застаецца вельмі напружаным. Графік міжнародных сустрэч апошнім часам даволі насычаны. «Усё гэта патрабуе значнай канцэнтрацыі ўвагі на праведзеных і будучых мерапрыемствах», – растлумачыў Прэзідэнт неабходнасць правядзення нарады.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прымаюцца правільныя рашэнні па наладжванні супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, выбудоўваюцца адносіны на доўгатэрміновую перспектыву. У той жа час Прэзідэнт раскрытыкаваў урад за недастатковую эфектыўнасць, настойлівасць пры рэалізацыі тых або іншых дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні.
«Давайце дамовімся, што роля Прэзідэнта, як вобразна кажуць, – адчыніць акно ў тым ці іншым напрамку, стварыць агульную аснову, фундамент для будучых дамоўленасцей членаў урада і прэм’ер-міністра. А ўжо ўрад (кіруемы Міністэрствам замежных спраў пад кантролем Адміністрацыі Прэзідэнта) павінен рэалізоўваць тыя ці іншыя дамоўленасці. Не гаворачы ўжо пра вашы дамоўленасці – членаў урада, – якіх вы дасягаеце ў працэсе сваіх паездак», – арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
«Турыстычных паездак быць не павінна. Ніякага турызму. Павінен быць вынік», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Мэта гэтай нарады, паводле слоў Прэзідэнта, – зверыць гадзіннікі, прадумаць крокі на бліжэйшую перспектыву і дзеянні па выкананні тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў выніку візітаў у асобныя краіны. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.