Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч правёў у Браславе прыём грамадзян

Новости
На мінулым тыдні Браслаўшчыну наведаў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч і правёў прыём грамадзян.

Па дапамогу ў рашэнні складаных сітуацый звярнуліся да С. Ляўковіча шасцёра браслаўчан.

Першай была пажылая жыхарка Ахрэмаўцаў, якая дабіваецца вяртання ёй страхавых выплат. Праўда, яе справа ўжо даўно разгледжана судом, па выніках якога заяўніцы адмоўлена ў кампенсацыі. Але яна не жадае мірыцца з рашэннем суда і настойвае на сваёй праўдзе, рэгулярна наведваючы прыёмы грамадзян у райцэнтры.

Сямейная пара ў памочніка Прэзідэнта прасіла дапамогі ў сваёй справе. Заяўнікі некалькі гадоў таму назад выкупілі былую бібліятэку ў Цяцерках за 1 базавую велічыню, хацелі перарэканструяваць яе пад жылы дом. Але час ішоў, а новыя гаспадары будынка не выканалі патрабаванняў дагавора з райвыканкамам, па якім яны павінны былі зрабіць мінімальны рамонт, пасля чаго перааформіць паперы і надаць будынку новы статус – жылой пабудовы. Таму па рашэнні суда памяшканне вярнулі былому гаспадару, а гэтай сямейнай пары было яшчэ прысуджана выплаціць амаль 14 тысяч рублёў за невыкананне патрабаванняў дагавора.

Сяргей Ляўковіч выслухаў абодва бакі, разгледзеў дакументы і параіў мясцовай уладзе пайсці насустрач людзям, якія, магчыма, на самай справе не змаглі выканаць патрабаванні дагавора па аб’ектыўных прычынах, яшчэ раз разгледзець усе тонкасці спрэчкі і дапамагчы людзям выйсці хаця б з фінансавай кабалы.

Яшчэ адна жанчына прыйшла на прыём для таго, каб ёй дапамаглі выселіць з другой паловы дома, па яе словах, нядобранадзейнага суседа. Разабрацца ў гэтым пытанні дапамог дырэктар нацыянальнага парка, бо палова двухкватэрнага дома належыць дадзенай арганізацыі. Ён патлумачыў, што мужчына цяпер жыве ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых і інвалідаў у в. Баруны і рэдка з’яўляецца дома. У той жа час у РАУС на яго не паступае заяў адносна парушэння грамадскага парадку, каб мець падставы на высяленне. І наогул, пакуль у арганізацыі няма іншага жылля для перасялення мужчыны.

Жанчына, якая нядаўна засталася ўдавой з двума непаўналетнімі дзецьмі на руках, шукала дапамогі ў вырашэнні яе жыллёвага пытання. Справа ў тым, што кватэра належыць нацыянальнаму парку, а сям’я ў ёй жыла па бестэрміновым дагаворы з гаспадаром, цяпер яго не стала. Памочнік Прэзідэнта паклапаціўся пра сям’ю і папрасіў дырэктара нацпарка прыняць пакет дакументаў ад грамадзянкі, каб перааформіць кватэру на яе, а ў далейшым, магчыма, паспрыяць прыватызацыі жылля.

Пытанне электраацяплення – адно з даволі частых у браслаўчан. Не абышлося без яго і на гэты раз: з ім звярнулася жыхарка аграгарадка Слабодка. Яна выказала пажаданне, каб сіламі РЭС на іх вуліцы зрабілі рэканструкцыю сеткі і дабавілі магутнасці для падключэння электракатлоў. Начальнік РЭС патлумачыў, што рэканструкцыя гэтай вуліцы запланавана не раней, чым на 2030 год. С. Ляўковіч распытаў пра ўсе нюансы гэтай справы і рэкамендаваў раённай уладзе разам з начальнікам электрасетак перагледзець план рэканструкцыі, бо, магчыма, ёсць у ім населеныя пункты, дзе яна ўжо немэтазгодная, а тут у перспектыўным аграгарадку маецца патрэба ў электрафікацыі большай магутнасці.

Апошняй на прыём прыйшла пенсіянерка, якая страціла зрок на адно вока, яна была застрахаваная ад няшчасных выпадкаў, аднак у «Белдзяржстраху» заявілі, што яе выпадак не падпадае пад страхавыя выплаты па дадзеным відзе страхавання. Яна не разумее, чаму так, і шукае праўду. Справа заяўніцы ўжо перададзена ў суд, дзе праводзіцца разбіральніцтва.

Так на працягу некалькіх гадзін памочнік Прэзідэнта дапамагаў браслаўчанам разбірацца са спрэчнымі пытаннямі, і некаторыя з іх ужо зрушылі, што называецца, з мёртвай кропкі.

Сяргей Ляўковіч папярэдзіў, што будзе сачыць за рашэннем праблем, якія застаюцца на кантролі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.