Лукашэнка просіць прафсаюзы актыўна падключыцца да будучай уборачнай кампаніі

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць прафсаюзы актыўна падключыцца да будучай уборачнай кампаніі ў вёсцы.

Пра гэта ён заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько.

«Уборачная кампанія практычна пачалася. Я сёння слухаў даклад губернатара Брэсцкай вобласці. Выбарачна ён пачаў ужо ўбіраць азімы ячмень. Заўсёды прафсаюзы падключаліся да гэтага працэсу, аказвалі адпаведную дапамогу і падтрымку. Я папрасіў бы вас, каб гэта была перш за ўсё дапамога, падтрымка і ўдзел прафсаюзаў у гэтай рабоце, а не нейкія кантрольна-наглядальныя функцыі. Кантралёраў у нас хапае», – сказаў кіраўнік дзяржавы. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўспомніў сваю ранейшую работу ў аграрнай сферы: «Прафсаюзы, асабліва ў сельскай гаспадарцы, заўсёды былі ў мяне правай рукой. І мы разам арганізоўвалі і харчаванне, і абслугоўванне (тэхнікі. – Заўвага БелТА) у перыяд уборачнай кампаніі». Прэзідэнт таксама даручыў не выпускаць з-пад увагі кантроль за выплатай заработнай платы, каб у працоўных не было прычын для скаргаў.

У размове з журналістамі Юрый Сянько адзначыў, што прафсаюзныя работнікі пастаянна прысутнічаюць і працуюць на сельскагаспадарчых пляцоўках. Гэтаму напрамку ў час уборачнай кампаніі ўдзяляецца вялікая ўвага. Вядзецца прафілактыка вытворчага траўматызму, кантралюецца наяўнасць сродкаў індывідуальнай аховы. «На жаль, літаральна нядаўна меў месца факт гібелі аднаго з работнікаў прадпрыемства менавіта з-за няякасных сродкаў індывідуальнай аховы. Тут мы павінны ўсе зрабіць вельмі дакладныя і строгія высновы адносна прадаўжэння работы, кантролю за гэтай сітуацыяй. Тэхнічныя, прававыя інспектары прафсаюзаў будуць пастаянна кантраляваць гэта пытанне», – сказаў старшыня ФПБ. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.