Тры пытанні разгледзеў дэпутат Віцебскага аблсавета па Браслаўскай выбарчай акрузе № 53, генеральны дырэктар ВРУП «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч падчас прыёму грамадзян, які ён правёў у нашым горадзе ў сераду.
Цікава, што ўсе абмеркаваныя тэмы тычыліся развіцця інфраструктуры. Так, браслаўчане прыйшлі да дэпутата са зваротамі наконт газіфікацыі вёскі Краснасельцы, будаўніцтва тратуара па вуліцы Дзяржынскага ў райцэнтры і павышэння якасці водазабеспячэння гараджан.
Што тычыцца будаўніцтва газаправода ў в. Краснасельцы, то такі праект некалі існаваў, але так і не быў рэалізаваны. Стаўка на электрычнасць як крыніцу энергіі для ацяплення таксама пакуль не сыграла: не хапае магутнасці ліній. Таму пытанне сапраўды стаіць востра. Кіраўнік «Віцебскаблгаза» паабяцаў шчыльна заняцца гэтай тэмай, вывучыць перспектывы рэканструкцыі адпаведных электрасетак. А ў выпадку, калі апошняе будзе немагчыма, – распрацаваць і рэалізаваць уласны праект па будаўніцтве газаправода: магістральнага – за кошт падначаленага яму прадпрыемства, а мясцовага – саміх вяскоўцаў праз кааператыў.
«Тратуар – гэта ў першую чаргу бяспека. Таму праблема яго адсутнасці, нават на асобных участках вуліц, вельмі істотная», – адзначыў А. Бранцэвіч. Разам з тым ён заўважыў, што такога кшталту будаўнічыя ініцыятывы не рэалізуюцца ў адзін момант: патрэбны значныя фінансы і вялікая падрыхтоўчая работа.
Прыкладна такая ж сітуацыя і вакол гарадскіх магістральных водаправодаў. Нагадаем, іх агульны знос у Браславе дасягае 80 %. Дэпутат пагадзіўся з важнасцю пытання і падкрэсліў неабходнасць яго вырашэння, хоць бы і паступовага – праз частковыя, але пастаянныя замены ўчасткаў старых сетак на новыя.
«І тратуар, і водаправод – найважнейшыя складальнікі гарадской інфраструктуры, а значыць – і камфортнага жыцця браслаўчан. Так, вырашэнне сітуацыі патрабуе значных рэсурсаў, якіх у раёне часта няма. Таму я вынесу гэтыя пытанні на абласны ўзровень, буду старацца спрыяць іх станоўчаму вырашэнню», – рэзюмаваў Аляксандр Бранцэвіч.
Усе звароты прыняты да разгляду і пастаўлены на контроль. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.