Меліяратар з Браслаўскага раёна: «Зарплата пры вялікіх паказчыках выкананых работ добрая»

Новости
Падтрыманне ў тэхнічна спраўным стане ўнікальных меліярацыйных сістэм, каналаў, гідратэхнічных збудаванняў, павелічэнне плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў і павышэнне іх прадукцыйнасці – паўсядзённая праца меліяратараў Браслаўшчыны.

Летась, напрыклад, у выніку праведзенай рэканструкцыі меліярацыйных сістэм «Таўкіні» і «Пагошча» (СВК «Маяк Браслаўскі») і мерапрыемстваў па культурнатэхнічнай меліярацыі ўведзены ў эксплуатацыю 731 га глебы, уцягнуты ў севазварот многія раней забалочаныя і зарослыя кустамі ўчасткі зямлі. І сёлета браслаўчане займаюцца рэканструкцыяй меліярацыйнай сістэмы «Браслаўскі» плошчай звыш 320 га ў аднайменным сельгаспрадпрыемстве. Таксама ў адпаведнасці з планамі тэхнічнага догляду было праведзена абкошванне 822 км каналаў, на адлегласці 104 км пачышчаны яны ад заглейвання, на 121 км знішчаны зараснікі. Падсыпана і спрафіліравана 28 км унутрыгаспадарчых дарог, адрамантавана 8 пераезных збудаванняў і выканана шмат іншых работ.

Абслугоўваюць браслаўскія меліярацыйныя сістэмы 32 работнікі Міёрскага ПМС. Дзякуючы жаданню працаваць якасна яны выконваюць вялікі аб’ём вытворчых заданняў, а рост прадукцыйнасці працы, вядома ж, з’яўляецца залогам стабільнай і годнай заработнай платы. Так, у адміністрацыі ПМС паведамілі, што за першы квартал бягучага года сярэдняя зарплата работнікаў прадпрыемства склала 1 504 рублі, у тым ліку машыністы бульдозера зарабілі ў сярэднім 1 610 руб. за месяц, шматкаўшовага экскаватара – 1 665 руб., трактарысты – 1 276 руб. У адміністрацыі ПМС сцвярджаюць, што па паказчыках аплаты працы спецыялістаў і рабочых Міёрскае ПМС уваходзіць у тройку лідараў меліярацыйных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці і з’яўляецца гарантам стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні сваіх работнікаў.

Сярод тых, хто на Браслаўшчыне шмат гадоў плённа працуе ў галіне аднаўлення ўрадлівасці глебы, кіраўніцтва Міёрскага ПМС адзначае трактарыстаў Аляксандра Касая, Анатолія Адахоўскага, Андрэя Пуйшу, машыністаў бульдозера Аляксандра Казуру і Віктара Мушаценку, вадзіцеля Эдуарда Мацука, машыністаў экскаватара Аляксандра Петрашкевіча і Міраслава Слівяцкага, рабочых Сяргея Жука і Канстанціна Сапеля.

Дасканала і зладжана арганізуюць вытворчы працэс, рашаюць тэхнічныя задачы начальнік участка Юрый Леўша, інжынер-механік Сяргей Жугар, выканаўцы работ Леанід Аніська і Дзмітрый Каспяровіч.

А напярэдадні прафесійнага свята кіраўніцтва Міёрскага ПМС выказвае падзяку ўсім работнікам прадпрыемства за вернасць аднойчы абранай справе і прафесійны падыход да яе выканання. ■

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.