У гэтыя дні Браслаўшчына сустракае гасцей Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Давайце разам узгадаем, якія вехі гісторыі прайшоў адзін з самых старэйшых творчых форумаў Беларусі.
Першае афіцыйнае песеннае свята, якое праз некаторы час атрымала такую звыклую для нас назву, было праведзена ў 1967 годзе. Яно ўяўляла сабой конкурс мастацкай самадзейнасці, прысвечаны 50-годдзю савецкай улады. З кожным годам мерапрыемства набывала размах.
ЯК УСЁ ПАЧАЛОСЯ
Як пісала наша газета, у 1973 г. фестываль адкрыўся ў Леснічоўцы віншаваннем лепшых жывёлаводаў Браслаўшчыны, выступленнем зводнага хору творчых калектываў і вялікім канцэртам, а вечарам гулянне працягнулася танцамі ды масавымі гульнямі на гарадзішчы Замкавая гара. У 1978-м шэсце ўдзельнікаў мерапрыемства стартавала з гарадскога стадыёна, накіравалася да помніка загінулым воінам, а пасля – у Леснічоўку. У госці да браслаўчан тады прыязджаў віцебскі народны ансамбль «Колас». Права ўзначаліць святочнае шэсце ў 1980 г. дасталася Опсаўскаму народнаму хору і духавому аркестру аўтабазы № 18. Падчас канцэрту ў Леснічоўцы ўшаноўвалі лепшых жывёлаводаў, а за святочны настрой адказвалі калектывы Опсаўскага, Далёкаўскага, Слабодкаўскага ДК, зводны хор піянераў раёна, аркестр народных інструментаў Казянскай школы і госці – танцоры з Ілукскага Дома культуры Латвійскай ССР.
У 1982-м «Браслаўскія зарніцы» святкавалі 60-годдзе з дня ўтварэння СССР і ў гонар юбілею па-ранейшаму ўшаноўвалі пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва сярод усіх працоўных калектываў, а выступалі на фестывалі аркестр народных інструментаў Казянскай СШ, мастацкія калектывы Даўгаўпілскага і Зарасайскага ДК, беларускі харэаграфічны ансамбль «Харошкі».
ТЭМАТЫКА МЯНЯЛАСЯ
Мянялася штогод і тэматыка свята. «Браслаўскія зарніцы» 1985 года прысвячаліся моладзі і прайшлі пад лозунгам «Нам мір завешчана зберагчы». Дарэчы, галоўнай навіной свята стала ўручэнне нашаму раёну пераходнага Чырвонага сцяга Міністэрства культуры БССР і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры за перамогу ў абласным і рэспубліканскім конкурсе самадзейнага мастацтва. У 1990 г. творчы форум прысвячаўся 45-годдзю Вялікай Перамогі, таму пачынаўся ён пастаноўкай народнага тэатра, у яснову якой леглі ўспаміны браслаўскіх ветэранаў. У 1995-м годзе цэнтральнай тэмай было 930-годдзе Браслава і галоўнымі героямі сталі князь Брас і прыгажуня Дрыва. Нельга не ўзгадаць і тое, як у 2001 годзе адной са сцэнічных пляцовак стала возера Дрывяты. Першы дзень «Зарніц» пачаўся на пляжы канцэртам і дыскатэкай, а на другі дзень у Леснічоўцы разгарнуліся гулянні і творчае спаборніцтва мастацкіх калектываў у веданні прыпевак і жартоўных песень. У 2017 г. падчас святкавання 50-годдзя фестывалю ён увогуле прайшоў маштабна: адбыўся абласны агляд-конкурс «Браслаўская харавая асамблея» сярод дарослых і дзіцячых калектываў, прэзентацыя падвор’яў «Браслаўскі фальварак», адкрылася парусная школы на Дрывятах, а таксама фірменная малая архітэктурная форма на «Брукаванцы» і многае іншае.
СТАТУС РОС
На працягу гадоў свята мяняла статус. Распачалося яно як песенны конкурс самадзейных калектываў. У 1998 годзе набыло статус абласнога і нават праходзіла 2 дні. Вось як пра гэта пісала наша выданне: «Упершыню за ўсю гісторыю фестывалю Браслаўшчына прымала такую колькасць гасцей: майстроў традыцыйных рамёстваў, шматлікія самадзейныя калектывы. І ў суботу, і ў нядзелю было шматлюдна». Статус рэгіянальнага свята фестываль набыў у 1999 годзе: прыехалі госці з Полацка, Наваполацка, Пастаў, Міёр, беларускія гурты з Прыбалтыкі, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы і гульнявыя праграмы. У 2009 г. «Браслаўскія зарніцы» сталі міжнароднымі, а ў 2015-м увайшлі ў пералік Рэспубліканскіх фестываляў і свят. ■