Беларусь і Расія захоўваюць курс на ўзмацненне інтэграцыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на перамовах у пашыраным складзе з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
У сферы прамысловасці бакі плануюць прадоўжыць канкрэтную работу па рэалізацыі сумесных імпартазамяшчальных праектаў у мікраэлектроніцы, машынабудаванні, станкабудаванні, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Іншымі словамі, у напрамках, якія забяспечваюць дасягненне мэт тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі нашых дзяржаў.
АГУЛЬНЫ РЫНАК
Беларусь зацікаўлена больш цесна працаваць з расійскімі дзяржаўнымі карпарацыямі ў сферы дзяржзакупак.
«Думаю, вы пагодзіцеся з маім тэзісам, што на прасторы Саюзнай дзяржавы мы не павінны сябе абмяжоўваць, зачыняючыся адзін ад аднаго на нашым агульным рынку. Больш за тое, сітуацыя паказала, што спадзявацца ў гэтым свеце з пункту гледжання доўгатэрміновага супрацоўніцтва мы можам толькі на сябе», – падкрэсліў беларускі лідар.
ТРАНСПАРТ І ЛАГІСТЫКА
Зроблена многае, але патрэбнасці прадпрыемстваў растуць з кожным днём. У сувязі з гэтым неабходны больш сур’ёзныя інвестыцыі ў развіццё чыгуначнай інфраструктуры, абнаўленне рухомага складу, павелічэнне правазных магутнасцей, фінансавая падтрымка авіяперавозчыкаў, меры па павышэнні загрузкі беларускіх і расійскіх аэрапортаў, сумесныя праекты, якія зробяць прасцей і больш даступнымі зносіны паміж нашымі рэгіёнамі.
ФОРУМ РЭГІЁНАЎ У ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЦІ
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе перагавораў нагадаў аб патэнцыяле супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў, якое забяспечвае істотную прыбаўку ва ўзаемным гандлі.
У Віцебску, Полацку і Наваполацку 27-28 чэрвеня пройдуць мерапрыемствы ў рамках чарговага беларуска-расійскага Форуму рэгіёнаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў прэзідэнта Расіі і іншых расійскіх калег прыняць удзел у рабоце форуму. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.